КАБ УСЯГО БЫЛО БАГАТА! ФОТАРЭПАРТАЖ

Цудоўнымі песнямі, смачнай ежай і добрымі словамі жыхары вёскі Васькавічы і аграгарадка Папоўка сустракалі старажытнае свята «Багач». Дзеля гэтага на адкрытай пляцоўцы Васькавіцкага СДК у мінулую суботу сабраліся разам людзі ўсіх узростаў – ад малых да

старых. Усе чакалі свята.

Вясёлую святочную праграму падрыхтавалі для вяскоўцаў супрацоўнікі ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна». Яны арганізавалі і музычную праграму, і пачастункі.

У якасці гасцей мясцовае свята ўраджаю і дабрабыту наведалі дырэктар ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна» Галіна Купрыянцава, яе намеснік Галіна Капусціна і старшыня Васькавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Валянціна Малахава.

А спявалі ў гонар восеньскага свята народныя ансамблі «Чапурушкі» ды «Вясковачкі». Салісты Васькавіцкага сельскага клуба таксама цешылі прысутных цудоўнымі спевамі. Ну, і які ж «Багач» без смачнай ежы! Пірагом, юшкай і морсам шчодра частавалі ў той дзень вяскоўцаў і гасцей.

Выказвалася таксама пашана працавітым жанчынам, сярод якіх была адзначана даярка малочна-таварнага комплексу «Васькавічы» Вера Васільева. Бо ў яе групе надой на карову складае аж 5057 кг.

Падзяка не абышла бокам і шматдзетныя сем’і. Бо «Багач» – гэта не толькі свята ўраджаю, але яшчэ і пладавітасці, сямейнага дабрабыту. Таму на восеньскае свята прымала віншаванне дружная сям’я з Папоўкі, дзе гадуюцца пяцёра дзетак-падлеткаў. А маці сямейства, Яўгенія Віктараўна, у гэтым годзе была ўзнагароджана “Ордэнам маці”.

У гэты дзень былі аб’яўлены пераможцы конкурсу на лепшае падвор’е. Сярод якіх апынуліся жыхары Васькавічаў: Аліна Іванчанка, Таццяна і Сяргей Драйчуковы. Таксама найпрыгажэйшым было абрана падвор’е жыхаркі Папоўкі Вольгі Драйчуковай.

Не абышлося без святочных віншаванняў з днём нараджэння і бяспройгрышнай латарэі. Шчаслівай імянінніцай, якую віншавала Галіна Купрыянцава, стала тэхнічны работнік Васькавіцкай сярэдняй школы Святлана Багрова. А ў латарэю ААТ «Прывольны агра» выйграла два мяшкі збожжа Аліна Іванчанка.

Вось так з песнямі, пляскамі, гульнямі і віншаваннямі весела прайшло цудоўнае абрадавае свята «Багач».

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Ганна МАЛЬЦАВА.

Фота аўтара.