ПРЫЯРЫТЭТ – ПЫТАННЯМ БЯСПЕКІ!

Выязное пасяджэнне раённай камісіі для выпрацоўкі мер і каардынацыі работы па папярэджанні гібелі людзей ад пажараў на тэрыторыі раёна, а таксама пасяджэнне назіральнай камісіі прайшлі ў Гіжэнкаўскім сельвыканкаме 25 верасня.

На пасяджэнні былі разгледжаны важныя пытанні, якія тычацца бяспекі раёна і яго жыхароў. Засяродзілі ўвагу па аператыўных даных на сітуацыі з пажарамі ў раёне і гібеллю людзей па іх прычыне, якасці работы назіральнай камісіі.

Пра статыстыку пажараў распавёў намеснік начальніка РАНС Аляксандр Жылянкоў. З яго слоў, за прайшоўшы перыяд 2018 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адбылося 4378 пажараў, на якіх загінулі 343 чалавекі. У нашай вобласці – 527 пажараў, 45 – загінулых. А вось у раёне колькасць пажараў зменшылася: за 2017 год адбылося 9 пажараў, загінуў 1 чалавек, за прайшоўшы перыяд гэтага году адбылося 6 пажараў, але таксама загінуў 1 чалавек. Асноўнай і  найбольш распаўсюджанай прычынай гібелі Аляксандр Жылянкоў назваў знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення.

Таксама ў ходзе пасяджэння разглядаліся захады па паляпшэнню работы назіральнай камісіі.

Аб рабоце назіральнай камісіі Гіжэнкаўскага сельвыканкама распавёў яго старшыня Мікалай Янкоў:

– Мы вельмі старанна падбіралі людзей у камісію, куды ўвайшлі работнікі ФАПа, сацыяльнай службы, педагогі, работнік РАНС і ўчастковы. Пры першым жа абыходзе домаўладанняў жыхароў Гіжэнкі камісія выявіла 19 недахопаў: у кагосьці была трэшчына на грубцы, іншым трэба было замяніць электраправодку. Усе недахопы былі ліквідаваны пры дапамозе дзяржаўнай праграмы сацыяльнай абароны насельніцтва і дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.

Намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова і загадчык аддзяленнем першаснага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання РЦСАН Святлана Пяшына акцэнтавалі ўвагу членаў камісіі на адказнасці, аператыўнасці правадзімай імі работы па ліквідацыі пажаранебяспечнай абстаноўкі ў жылых памяшканнях.

На пасяджэнні назіральнай камісіі аб становішчы ў раёне па прафілактыцы рэцыдыўнай злачыннасці распавёў старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Сяргей Марушэнка:

– Па стане на 25 верасня, на ўліку інспекцыі знаходзяцца 52 асобы. У мінулым годзе – 151 чалавек. Вызвалілася 17 асуджаных раней асоб. За аналагічны перыяд 2017 года – 12 чалавек.

Асобна ён распавёў прысутным аб парушэннях парадку і ўмоў адбывання прызначанага пакарання жыхаркі аграгарадка Гіжэнка. Яе справа была разгледжана прысутнымі, галоўнай мэтай якіх была не асудзіць чалавека, а выслухаць яго і падказаць шлях да выпраўлення і выхаду з сітуацыі, якая склалася.

Ганна МАЛЬЦАВА.

Фота аўтара.