АГУЛЬНЫЯ ГІСТОРЫЯ І БУДУЧЫНЯ!

Больш за тры стагоддзі мінула з той даты, калі на тэрыторыі сучаснага аграгарадка Лясная адбылася бітва паміж войскам шведскага караля Карла XII і сіламі расійскага імператара Пятра Першага. 310 гадоў, калі дакладней, таму менавіта гэтае пабоішча стала знакавым і карэнным чынам паўплывала на міжнародную сітуацыю, стала прынцыповым у Паўночнай вайне.

Так здарылася, што наша тэрыторыя нярэдка станавілася пляцоўкай для  ўзброеных канфліктаў. Па Беларусі праходзілі ўсе кампаніі, так бы мовіць, па захапленню ўсходняга нашага суседа – Расіі. Так ці інакш, менавіта беларускай зямлі, яе народу прыходзілася прымаць у іх удзел. Ад таго і дата гэтая і для нашага народа з’яўляецца значнай, векапомнай.

Зусім, здаецца, нядаўна адзначалася трохсотгоддзе той бітвы. У памяці многіх засталіся моманты падрыхтоўкі Лясной да гэтай падзеі. Колькі было зроблена, каб вёска Лясная займела сучасны выгляд. І сёння яна насамрэч уяўляе сабой  аграгарадок з інфраструктурай, сваёй багатай слаўнай гісторыяй.

У мінулую нядзелю ў рамках Тыдня інтэграцыі і супрацоўніцтва, які праходзіць на Магілёўшчыне напярэдадні V Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, адбылася знакавая для Слаўгарадчыны падзея: было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж нашым раёнам і гарадскім пасёлкам Шумячы Смаленскай вобласці. Свае подпісы пад гістарычным актам паставілі старшыня райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі і выконваючая абавязкі кіраўніка адміністрацыі г/п Шумячы Галіна Варсанава. Паціснуўшы рукі, кіраўніцтва раёна разам з дэлегацыяй ужо братэрскіх Шумячаў накіраваліся ў Лясную, дзе распачалося ўрачыстае шанаванне юбілейнай даты.

З самай раніцы ў храме-помніку адбылося архіерэйскае служэнне Боскай літургіі з удзелам архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія. Усе вернікі мелі магчымасць памаліцца за душы загінуўшых у той вайне. Хрэсным ходам прадстаўнікі духавенства, дэлегацый, удзельнікі мерапрыемства прайшлі да помніка, дзе арол у кіпцюрах трымае варожы сцяг.

Там жа адбыўся сваеасаблівы мітынг, на якім да мікрафона падыходзілі ганаровыя госці свята. Уладыка Сафроній звярнуўся да прысутных з прамовай, галоўнай думкай якой было ні пры якіх абставінах не брацца за зброю. Ён узгадаў, колькі чалавечых ахвяр у свеце прыносіцца на алтар чыіх бы то ні было амбіцый, жадання сусветнага панавання.

Святлана Шутава, намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў, у сваім выступленні таксама заклікала кожную складаную сітуацыю, канфлікт вырашаць толькі за сталом перамоў. “Калі людзі бяруць у рукі зброю, ідуць з прагай захапіць чыесьці тэрыторыі, заўсёды льецца кроў. У тым ліку мірных людзей. Таму мірны дыялог — тое, што павінна быць шляхам выйсця для любога народа”, – падкрэсліла Святлана Аляксандраўна.

Галіна Варсанава таксама зрабіла экскурс у гісторыю. Яна падзякавала ўвесь беларускі народ за тое, як у нас захоўваецца памяць тых слаўных гадоў. Выступоўца выказала надзею і перакананасць у тым, што надалей нашыя народы будуць жыць у міры і згодзе, супрацоўнічаць па ўсіх накірунках, развівацца.

Кіраўнік раёна Канстанцін Жыгуцкі адзначыў, што ніколі Беларусь і Расія не будуць па розных баках. “Мы – братэрскія народы, у нас агульная гісторыя, упэўнены, што і будучае ў нас таксама агульнае. Мы жывем у час, калі гісторыю імкнуцца перапісаць, падзеі гістарычныя інтэрпрэтаваць як каму зручней, выгадней. Аднак мы ведаем, як нашы народы жылі, ваявалі разам, гінулі, перамагалі. Таму нам ніхто не навяжа сваю ідэалогію, свае каштоўнасці”, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.

Пасля да помніка былі ўскладзены кветкі. Далей у паркавай зоне былі насаджаны дрэвы.

“Духоўная спадчына роднай зямлі” – пад такой назвай у той дзень распачала сваю работу выстава,  якая расмясцілася ў новым выставачным павільёне. Настаяцель храма-помніка Георгій Сакалоў пазнаёміў прысутных з экспанатамі выставы. Гэта былі праваслаўныя іконы, якія перажылі і ліхалецці Вялікай Айчыннай, і гады, калі царква апынулася пад забаронай.

Яўгенія Субоціна, супрацоўнік прадстаўніцтва “Рассупрацоўніцтва” падзякавала кіраўніцтва раёна за работу, якая вядзецца на Слаўгарадчыне ў рэчышчы наладжвання добрасуседскіх узаемаадносінаў паміж беларускім і расійскім народамі. Яна ўручыла  кіраўніку раёна падзячны ліст.

Таксама ўдзельнікі мерапрыемства пачулі вершы, напісаныя жыхарамі раёна. Чырвонай ніткай выступленняў праходзіла ўдзячнасць айцу Георгію, які сваёй працай робіць усё, каб з малых гадоў, са школы нашы суайчыннікі ведалі і жылі па хрысціянскіх законах, прытрымліваліся цнотаў.

Адкрытыя пляцоўкі запрасілі гасцей і ўдзельнікаў свята акунуцца ў часы старажытныя, ад таго самабытныя, так бы мовіць, аўтэнтычныя. Сярод якіх між іншых былі: Алена Баброва, намеснік упраўлення культуры аблвыканкама; Сяргей Савенка, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама; Людміла Валодзька, старшыня грамадскага аб’яднання “Рускае культурнае асветніцкае грамадства”; Таццяна Сямёнава, начальнік аддзела па культуры і спорту а/г Шумячы.

Паўсюды гучалі песні, музыка. Кожная з такіх пляцовак прымушала адчуць на сабе, як жылі нашы продкі некалькі вякоў назад, як працавалі, адпачывалі, чым сустракалі гасцей. Вядомая справа, пачаставацца можна было на кожнай з іх.

На адкрытай пляцоўцы адбылося і тэатралізаванае прадстаўленне, якім арганізатары імкнуліся максімальна блізка нагадаць, як праходзіла тая бітва, якую ролю адыгралі мясцовыя людзі ў перамозе Пятра Першага над шведскім генералам Лівенгаўптам.

Заключным мерапрыемствам праграмы стаў “круглы стол”, работу якога адкрыла Алена Шаўцова, намеснік старшыні райвыканкама. У ходзе яго ўдзельнікі ў чарговы раз абмеркавалі, паразважалі на тэму вайны і міра. Кожны змог выказаць свой пункт гледжання. “Круглы стол” прайшоў у атмасферы добразычлівай, канструктыўнай.

Святкаванне падышло да канца. Удзельнікі і госці раз’язджаліся па сваіх накірунках. Захоўваючы, я перакананы, у сэрцах толькі станоўчыя эмоцыі, якія панавалі ў гераічным аграгарадку Лясная ўвесь дзень!

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара і Святланы ІГАРАВАЙ.