З ВІНШАВАННЯМІ ДА ПЕДАГОГАЎ!

 

Настаўніцтва раёна ў мінулую пятніцу сабралася ў зале цэнтра культуры і народнай творчасці напярэдадні свайго прафесійнага свята. Мерапрыемства аб’яднала педагогаў школ, дзіцячых садкоў, работнікаў аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, цэнтра дзіцячай творчасці, ДЮСШ, ЦФМ і СР, іх сяброў, блізкіх. На другім паверсе цэнтра ўвазе гасцей прапанавалася тэматычная выстава. За некалькі хвілін да пачатку ўсе жадаючыя пазнаёміліся з творчасцю настаўнікаў, вучняў, мелі магчымасць абмеркаваць свае захады ў рабоце, надзённае.

Але прыйшоў час, і мерапрыемству быў дадзены старт. Вядучыя віталі гледачоў. А гукі Дзяржаўнага Гімна Рэспублікі Беларусь надалі падзеі тон афіцыйнасці, урачыстасці.

З віншавальнымі словамі да настаўнікаў, работнікаў сістэмы адукацыі раёна ў той дзень звярнуліся многія. Адкрыла цырымонію ўшаноўвання Алена Шаўцова, намеснік старшыні райвыканкама. Яна агучыла вынікі працы настаўніцтва раёна. Падзялілася поспехамі, перамогамі. Але і на захадах на будучае не прамінула засяродзіць увагу аўдыторыі. “Перад намі стаяць сур’ёзныя задачы. Сённяшняя рэчаіснасць патрабуе ад школьнікаў грунтоўных ведаў, сур’ёзнай базы для атрымання прафесіі. Мы павінны зрабіць усё, каб кожны вучань, выхаванец дзіцячага садка ішоў ва ўстанову адукацыі з жаданнем. А там было ўтульна, камфортна і, вядомая справа, бяспечна”, –падкрэсліла Алена Міхайлаўна.

Старшыня райсавета дэпутатаў Святлана Язерская таксама віншавала педагагічных работнікаў са сцэны. Яна падкрэсліла, якую адказную работу яны робяць. “Вы не проста вучыце дзяцей пісаць, чытаць, работаць з лічбамі. Вы таксама ўплываеце на фарміраванне асобы, яе светапогляду, жыццёвых прыярытэтаў. Таму зычу вам не толькі ўдзячных і таленавітых вучняў, выхаванцаў, але і сілы духу, любові да прафесіі, росту як у кар’еры, так і ў матэрыяльным плане. Бо, скажам сумленна, без апошняга куды складаней думаць пра высокае”, – сказала Святлана Аляксандраўна. Яна ў сваёй асобе ўяўляе і лідара раённай арганізацыі “Белая Русь”, ад якой шасцёра работнікаў сістэмы адукацыі раёна атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Дарэчы аб іх. У той дзень наменантаў было як ніколі шмат. Восем педработнікаў былі ўзнагароджаны ад Міністэрства адукацыі нашай краіны. Галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама адзначыла з нагоды прафесійнага свята дваццаць работнікаў. Аддзел па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама заахвоціў 36 чалавек. Раённы выканаўчы камітэт таксама павіншаваў педагагічных работнікаў і ўзнагародзіў чацвёра з іх. Райаддзел па надзвычайных сітуацыях, райкам “БРСМ”, раённае аб’яднанне прафсаюзаў таксама не засталіся паза ўрачыстасцю і знайшлі магчымасць адзначыць работнікаў сістэмы.

Асобнае месца ва ўрачыстасці займалі ў той дзень дзве катэгорыі настаўнікаў: маладыя, якія толькі пачалі прафесійны шлях, і ветэраны, якія маюць за плячыма не адно дзесяцігоддзе ў прафесіі. Апошніх са сцэны віншавалі галоўны настаўнік раёна Аляксандр Аўчыннікаў і прафсаюзны лідар сістэмы Алена Салдаценка. Кветкі, сувеніры і бясконцае мноства слоў удзячнасці гучала ў адрас ветэранаў педагагічнай працы. У адказ прагучаў наказ маладым настаўнікам заставацца вернымі прафесіі, аддавацца цалкам абранаму шляху, любіць дзетак, паважаць калег, стаць партнёрамі з бацькамі ў справе фарміравання гарманічнай асобы, патрыёта.

Другой часткай святочнай праграмы стаў канцэрт, падрыхтаваны сіламі раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Са сцэны ў залу ліліся музыка, песні, вершы. Выступалі як ужо “ветэраны” сцэны, так і яе пачаткоўцы.

І, падводзячы вынікі, хачу сказаць адно: людзей гэтай прафесіі паважаюць. Яна адна з самых высакародных і адказных. Таму хочацца яшчэ раз выказаць словы віншавання тым, хто вучыць, выхоўвае, развівае нашых дзетак, моладзь. Дзякуй вам за наша будучае!

 

 

Тэкст і фота Уладзіміра РЫЖАНКОВА.