ВІНШАВАЛІ МАТУЛЬ ДЗЕЦІ

Традыцыйным стала шанаванне самых блізкіх кожнаму з нас людзей – маці – у раёне. Канцэртная праграма і тэматычная выстава сабралі ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці ў мінулую пятніцу матуль розных узростаў, прафесій.

Гэтае свята заўсёды напоўнена каларытам, цеплынёй і пяшчотай. Яно і зразумела: толькі такія пачуцці з боку дзяцей ляжаць у падмурку гэтага дня.

А распачалася канцэртная праграма, падрыхтаваная выхаванцамі раённага цэнтра дзіцячай творчасці, дзіцячых садкоў, словамі віншавання намесніка старшыні райвыканкама Алены Шаўцовай. Яна перадала ўсім матулям словы ўдзячнасці і прызнання ад кіраўніцтва раёна, падзякавала матуль, якія выхоўваюць сваіх дзетак у атмасферы любові, павагі і добразычлівасці.

Выканала Алена Міхайлаўна і ганаровую місію: уручыла заслужаную ўзнагароду – ордэн Маці – жыхарцы вёсцы Новая Слабада Валянціне Максімавай. Узнагарода, як кажуць, знайшла свайго героя. І гэта насамрэч заслужана: жанчына нарадзіла і выхавала пецярых дзяцей. Пагадзіцеся, гэта вельмі адказна і архіскладана даць пуцёўку ў жыццё, адукаваць, выхаваць столькі дзяцей. А вось Валянціна Іосіфаўна цяжкасцяў не пабаялася і зрабіла гэта з годнасцю. За што яшчэ раз хочацца ёй выказаць вялікую ўдзячнасць.

А далей праграма была складзена выключна  ў фармаце дыялога: дзіця – матуля. Апошнія са сцэны атрымлівалі прызнанні ў любові і словы ўдзячнасці за пяшчоту, якую дораць сваім дзецям.

Слёзы з вачэй матуль, бабуль не зыходзілі на працягу ўсяго мерапрыемства. І гэта былі слёзы радасці за сваіх таленавітых дзетак, унукаў.

Са святам, мілыя жанчыны, яшчэ раз. Няхай вам шчасціць па жыцці!

 

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.