ПРАПОЙШЧЫНА Ў 1917-18-х ГАДАХ: НОВЫЯ ФАКТЫ

 

Больш за стагоддзе прайшло з часу рэвалюцыйных падзей 1917-18-х гадоў. Здаецца, цяжка сказаць нешта новае пра тую складаную і супярэчлівую эпоху. Аднак нядаўна ў архівах мне ўдалося знайсці некалькі цікавых дакументаў і звестак, якія яшчэ ніколі не публікаваліся. Яны дазваляюць не толькі выразней адчуць далёкі ад нас час, але і ўбачыць злабадзённасць пытанняў, што хвалявалі нашых дзядоў і прадзедаў. Некаторыя з іх актуальныя і сёння.

НА ПЕРЫФЕРЫІ

Невялікае мястэчка Прапойск, навакольныя вёскі Прапойскай воласці і суседніх валасцей – Баханскай, Бычанскай, Даўгамохскай, Даўжанскай (за Проняй) і Старынскай (за Сожам) жылі непрыкметным жыццём, як кажуць, на перыферыі. Ішла Першая сусветная вайна, фронт быў далёка, аднак невялікая колькасць бежанцаў з Заходняй Беларусі, Польшчы, Літвы была і на Прапойшчыне. Значная частка мужчынскага насельніцтва ваявала, таму на плечы жанчын, старых, дзяцей былі ўскладзены асноўныя клопаты аб гаспадарцы. Вайна прывяла да росту цэнаў, пагаршэння і так невялікага дабрабыту сялян і мяшчан. Вяскоўцы жылі мараю аб зямлі, некаторыя бралі крэдыты, іншыя спадзяваліся, што пасля заканчэння вайны можна будзе «ўстаць на ногі». Многія нашы землякі на франтах былі ўдастоены ўзнагарод за адвагу – Георгіеўскіх крыжоў і медалёў. Кавалеры такіх узнагарод і іх сем’і спадзяваліся на грашовыя дапамогі.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 года, стварэнне Часовага ўраду і саветаў – усё гэта было далёка ад нашай мясцовасці, але ж не прайшло незаўважным для жыхароў Прапойшчыны. Аднак рэдка хто з нашых землякоў актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці. Большасць чакала, што адбудзецца далей. Рэвалюцыйныя партыі (бальшавікі, эсэры і іншыя) не абміналі ў сваіх праграмах пытанне аб зямлі. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года, як вядома, абвясціла дэкрэты аб міры і аб зямлі. На Прапойшчыну пачалі вяртацца ўчарашнія салдаты і матросы. Яны былі розных палітычных поглядаў, аднак многія настроены рашуча – узяць зямлю самім. Іншыя нашы землякі ўвайшлі ва ўладныя структуры. З Петраграда вярнуўся ўраджэнец Прапойска Аляксандр Цімафеевіч Вазіла. Ён атрымаў мандат новага органа ўлады ў Мінску – Абласнога выканаўчага камітэта саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыканзах). Вазіла актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Першага Усебеларускага кангрэсу (з’езду), які пачаў сваю працу ў Мінску 5 снежня 1917 года. На з’ездзе абмяркоўваліся палітычная сітуацыя ў Беларусі і шляхі далейшага развіцця краю. Адны дэлегаты выступалі за незалежную дзяржаву Беларусь з рэспубліканскай формай кіравання, іншыя – за аўтаномію Беларускай Рэспублікі ці проста Беларускай вобласці ў складзе Расійскай Савецкай Рэспублікі. Існаваў яшчэ пункт гледжання: пакінуць, як і было раней, пяць асобных губерняў – Гродзенскую, Віленскую, Мінскую, Віцебскую, Магілёўскую. Вазіла ўвайшоў у склад кіраўнікоў з’езду і выступаў за адзінства Беларусі з Расіяй. У ноч на 18 снежня 1917 года Усебеларускі кангрэс быў распушчаны Аблвыканзахам, і Вазіла перабраўся ў Магілёў.

ПАРАДАК І ГАСПАДАРКА

Замест царскай паліцыі Часовым урадам была створана міліцыя. Аднак у той трывожны час рэдка хто хацеў выйсці на ахову правапарадку. Вядомы рэвалюцыянер, ураджэнец Прапойска Раман Нікіцін летам 1917 года вярнуўся на радзіму і заняў пасаду старшага міліцыянера. Па вёсках было нямала зброі, існавалі банды, наогул, час быў вельмі небяспечны. У адным з дакументаў сказана так: «У прыватных асоб шмат агнястрэльнай зброі, у сялян в.Васькавічы – ружжы і бомбы, у в.Рабінаўка – зброя ў сялян: Іларыёна М., Лявона І.; у сялян в. Ржаўка – зброя ў Марка К., Івана Я.; на хутарах Урэчча – ружжы ў сялян: Ж., Т., Ш., Х., Івана Б., Апанаса Г. і Астапа П.».

Аб напружанасці часу кажуць і такія факты. Жыхар хутара паблізу Рэкты Іван Пятровіч Мельнікаў скардзіўся на суседа, што той пагражаў рэвальверам. У маёнтку Анэлін Баханскай воласці былі забіты каваль Андрэй Шымкавяка з жонкай Пелагеяй. У лістападзе 1918 года жыхары Баханскай воласці ўстрывожыліся нечаканым знікненнем 27-гадовага старшыні валаснога камітэта Пятра Нікіфаравіча Угначова. Казалі, што разам з ім зніклі грошы.

Летам 1917 года пачалася самавольная высечка лясоў. У 1918 годзе знішчэнне лесу набыло велізарныя памеры. Прапойскі камітэт спрабаваў штрафаваць парубшчыкаў, адбіраць сякеры. Было прынята рашэнне аб штрафаванні грамадзян вёскі Рудня: Васіля Сляпцова на 3 рублі, Панфіла Міхайлавіча Гапоненкі на 6 рублёў, Андрэя Нікіфаравіча Стральцова і Аксінні Яфімаўны Белавусавай – па 3 рублі; грамадзян вёскі Барсукоўка: Ягора Пятровіча Саўчанкі, Ахрэма Азаравіча Луферава, Настассі Панкратаўны Івановай – па 6 рублёў, Фокі Макеевіча Бяспанскага – на 3 рублі. Для спынення парубшчыкаў – жыхароў Новай Слабады – валасны камітэт выклікаў міліцыю.

Пасля заключэння Брэсцкага міру з Германіяй у сакавіку 1918 года частка Магілёўскай губерні была акупаваная, у тым ліку горад Быхаў. Прапойскі савет дэпутатаў папрасіў дазволу аб стварэнні Быхаўскага павятовага выканкама ў Прапойску.  Губернскі выканкам дазволіў і асігнаваў для гэтага 10 тысяч рублёў. Сам губвыканкам пераехаў у Мсціслаў. Цэнтральны орган улады некалькіх губерняў – Абласны выканаўчы камітэт Заходняй камуны (Аблвыканзах) знаходзіўся ў Смаленску.

У маі 1918 года адбыўся губернскі з’езд народнай гаспадаркі. Былі выкліканы прадстаўнікі кожнага павета з неакупаванай часткі губерні.

Быхаўскі павет з Прапойска прадстаўлялі: «…доктар Юліян Варапай, кааператары Андрэй (прозвішча неразборлівае) і Ігнат Урублеўскі, лесапрамыслоўцы Рувім Злоткін і Андрэй Сцепуценка, землямер Міхаіл Пракоф’еў, аграном Павел Шчолкін, рабочы Раман Нікіцін і камісар харчавання Васіль Базылеў». З асноўным дакладам выступіў вядомы нам А.Ц.Вазіла. У тэксце было шмат рыторыкі, напрыклад, такой: «Наша гаспадарка не вытрымлівае ніякай крытыкі! Усё ў заняпадзе ад вайны і рэвалюцыі. Ураджаі ўпалі. Агратэхніка не вытрымліваецца. Насення не хапае. Лясы бязлітасна высякаюцца. Торфу ў нас шмат, але ён не выкарыстоўваецца». У Вазілы была толькі адна прапанова: «Трэба прасіць грошай у цэнтральнай улады, бо Магілёўская губерня – прыгранічная з Германіяй, тут яшчэ трэба ўтрымліваць вайсковыя фарміраванні».

Выступоўцы ў спрэчках крытыкавалі Вазілу за адсутнасць канкрэтных прапаноў,  акрамя патрабавання грошай. У Маскве таксама былі незадаволены, бо высветлілася, што пры эвакуацыі з Магілёва зніклі грошы і каштоўнасці губернскага камітэта.

Увосень 1918 года Быхаўскі павятовы камітэт у Прапойску рашуча наводзіў парадак – забараніў выкідваць смецце на вуліцу, патрабаваў адрамантаваць агароджы, паправіць дарогі. Насельніцтва пачало наводзіць парадак ля сваіх дамоў і сядзіб. Частка грамадзян працавала ахвотна, іншых даводзілася прымушаць і падганяць.

ЗЯМЕЛЬНЫ АДДЗЕЛ

У 1918 годзе адбыліся змены ў складзе павятовага зямельнага аддзела. У сувязі з гэтым у архіве захаваліся анкетныя дадзеныя на некаторых службовых асоб. Большасць з іх – нашы землякі. Вось што яны паведамілі пра сябе сто гадоў таму.

ЦІМАШКОЎ Тарас Феафанавіч. Скончыў народнае вучылішча. Працаваў у Петраградзе на ліцейна-механічным заводзе. У 1915 годзе быў прызваны ў армію. Бальшавік. У 1917 годзе быў агітатарам у Оршы. Потым вярнуўся на Прапойшчыну. Нежанаты. З 1 лістапада 1918 года быў старшынёй павятовага зямельнага аддзела.

КАВАЛЁЎ Ульян Яфімавіч. Родам з Бахані. Быў жанаты, меў дваіх дзяцей. Скончыў народнае вучылішча, працаваў рабочым у Адэсе. У 1912 годзе прызваны на ваенную службу, скончыў палкавую ваенна-фельчарскую школу, набыў кваліфікацыю фельчара. З пачатку вайны быў на фронце, але потым трапіў да немцаў у палон, вызвалены летам 1917 года. Захварэў на туберкулёз, прызнаны інвалідам. Быў членам партыі левых эсэраў, але выйшаў з яе і стаў спачуваць бальшавікам («сочувствующий»).

НІКІЦІН Раман Іванавіч. Ураджэнец Прапойска. Без адукацыі. Працаваў у Кіеве на заводзе, у 1905 годзе за ўдзел у рэвалюцыйным руху высланы ў Табольскую губерню. Бальшавік. У 1917 годзе вярнуўся ў Прапойск і стаў старшым міліцыянерам. Але неўзабаве перайшоў на службу ў запасны полк у Рослаўлі. Абраны палкавым дэпутатам. Потым вярнуўся на Прапойшчыну. Нежанаты.

ХАРУНОЎ Іван Васільевіч. Нарадзіўся ў сяле Старынка. Скончыў двухкласнае вучылішча. З 1909 года працаваў памочнікам валаснога пісара спачатку ў Старынцы, потым у Бахані, Бычы. Нежанаты. У маі 1918 года прыняты справаводам павятовага земаддзела. Спачуваючы бальшавікам.

ЗЛОЦІН Ісаак Рувімавіч. Родам з Прапойска. Скончыў гімназію, студэнт Петраградскага горнага інстытута. Да рэвалюцыі служыў у гарадской управе Екацярынаслава. Потым вярнуўся на радзіму. Беспартыйны.

ПЕЎЗНЕР Лазар Мееравіч. Нарадзіўся ў 1899 годзе ў Прапойску. Скончыў вышэйшае пачатковае вучылішча. Служыў прыказчыкам у Гомелі, потым – бухгалтарам. Пасля вяртання на радзіму стаў бухгалтарам земаддзела. Нежанаты. Член яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай партыі «Паалей-Цыён».

ЦІМАШЭНКА Яўмен Трафімавіч. Нарадзіўся ў Старынцы ў 1900 годзе. Скончыў мясцовае двухкласнае вучылішча. З 1912 года быў памочнікам пісара Старынскай воласці. З 1917 года працаваў у Старынскай валасной зямельнай управе, потым – у Чэрыкаўскім павятовым лясным пададдзеле. Летам 1918 года прыняты на службу ў Быхаўскі павятовы земаддзел. Нежанаты. Спачуваючы бальшавікам.

КОРАТЦАЎ Мікалай Міхайлавіч. Родам з Прапойска. Скончыў Горацкае сярэдняе сельскагаспадарчае вучылішча. Аграном. З чэрвеня па верасень 1917 года праходзіў практыку, потым быў агранамічным старастам і ўчастковым аграномам. У 1918 годзе прызначаны выконваючым абавязкі павятовага агранома. Нежанаты. Беспартыйны, але спачуваючы бальшавікам.

АСТАПЕНКА Емяльян Аляксеевіч. Родам з Кульшыч. Скончыў Маскоўскія курсы па падрыхтоўцы валасных пісараў. Перад рэвалюцыяй працаваў валасным пісарам. Быў вызвалены ад воінскай службы. Пасля рэвалюцыі працаваў канторшчыкам і статыстыкам. Беспартыйны.

Працяг будзе.

Протаіерэй Георгій САКАЛОЎ,

настаяцель Ляснянскага прыхода.