ПА СПРАВЕ І ПАШАНА

Работнікі аграпрамысловага комплексу ў мінулую нядзелю адзначалі сваё прафесійнае свята. Урачыстасці з гэтай нагоды на Слаўгарадчыне адбыліся напярэдадні, у пятніцу, і сабралі прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў актавай зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Да гэтага, дарэчы, гасцям прапанаваліся выставы, гандаль і, што на сённяшні дзень з’яўляецца дэфіцытам, – жывы кантакт, магчымасць хоць ненадоўга адысці ад цяжкай працы.

Традыцыйна мерапрыемства адкрылася гукамі Дзяржаўнага Гімну Рэспублікі Беларусь. Далей вядучыя запрасілі да мікрафона кіраўніка раёна Канстанціна Жыгуцкага. Старшыня райвыканкама ў віншавальным звароце ўзгадаў, якім няпростым быў гэты год для работнікаў галіны, якая адзначае сваё свята. Ён падкрэсліў і той момант, што прыродзе свае планы і пажаданні не навяжаш. А выпрабаванні засухай, дажджамі бясконцымі, здавалася, вымушаюць спецыялістаў рабіць высновы, аналізаваць, браць на ўзбраенне тое, як прыходзіцца працаваць, расціць хлеб, гадаваць жывёлу і іншае. “Мы павінны нават у складаных момантах вынаходзіць карыснае, тое, што дапаможа надалей – гэта вопыт”, – падкрэсліў Канстанцін Аляксандравіч. Ён падзякаваў усіх, хто мае дачыненне да сельскагаспадарчай галіны, перапрацоўчай прамысловасці. “Вашымі рукамі сёння гартуецца заможнасць раёна, вобласці, краіны. Няхай яны не ведаюць стомы, а заробкі дазваляюць жыць і адпачываць у поўнай меры”, – заключыў кіраўнік раёна.

Пасля віншаванняў ён уручыў узнагароды пераможцам жніва-2018. Тут былі і экіпажы камбайнераў, і вадзіцелі, занятыя на адвозцы зерня ад камбайнаў, іншыя работнікі. І кожнаму старшыня райвыканкама асабіста выказаў удзячнасць.

Кіраўнікі гаспадарак, якія таксама запрашаліся на сцэну, атрымалі сімвалічныя караваі. Нехта за зробленае ўжо ў гэтай уборачнай кампаніі, корманарыхтоўчай, нехта, так бы мовіць, авансам на год надыходзячы.

Шанаваліся ў той дзень і людзі, якія аддалі сельскай гаспадарцы шмат год свайго прафесійнага жыцця. Вэтэраны галіны атрымалі падарункі і словы прызнання. Словы віншаванняў нібыта бясконцы вадаспад ліліся ў залу і, хочацца спадзявацца, дайшлі да душы кожнага, хто не ведае розніцы паміж суботай і, напрыклад, панядзелкам. Бо штодзень яны даглядаюць жывёліну, шчыруюць на палетках, робяць усё, каб мы мелі на стале духмяны хлеб, смачныя малако ды мяса.

Чырвонай ніткай гэтая думка праходзіла ў прамове кожнага, хто падыходзіў да мікрафона ў той дзень.

А нумары мастацкай самадзейнасці нібыта падмацоўвалі кожны з блокаў узнагароджвання чароўнымі песнямі, рытмічнымі харэаграфічнымі нумарамі. Словы прызнання ад выхаванцаў трэцяга і чацвёртага дзіцячых садкоў мала ў каго не выклікалі слёзы замілавання. Бо столькі шчырасці было ў іх, столькі непадкупнай пяшчоты.

Святкаванне падышло да фіналу. Героі ягоныя паехалі па дамах, нехта – па працоўных месцах. Бо такі ў іх лёс – рупліва шчыраваць, а адпачываць, як кажуць, без фанатызму. І такім людзям яшчэ раз хочацца сказаць вялікі дзякуй. Дай Бог кожнаму з вас толькі шчаслівага жыццёвага шляху, сіл бясконцых, пазітыва і душэўнага пакою. Яшчэ раз са святам!

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота Ільі ЖАРТУНА.