ПАД МІРНЫМ НЕБАМ – ТРЫ ЧВЭРЦІ СТАГОДДЗЯ!

 

Слаўгарадчына адзначыла юбілей са дня вызвалення ад нямецка-фашысцкай навалы. Тры чвэрці стагоддзя таму цаной тысяч жыццяў савецкіх воінаў наш прысожскі край атрымаў перамогу. Нельга пераацаніць гэты факт. Можам мы толькі нізка пакланіцца і сказаць дзякуй за Вялікую Перамогу кожнаму, хто са зброяй у руках, у глыбокім тыле набліжаў гэтую дату.

Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло ў Слаўгарадзе. У гарадскім парку каля помніка загінуўшым салдатам адбылося перапахаванне трох савецкіх воінаў. На ім прысутнічалі: намеснік губернатара Магілёўскай вобласці Андрэй Кунцэвіч, кіраўнік прадстаўніцтва Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Пятроў, госці з Шумячаў, прадстаўнікі раённай улады, працоўныя калектывы, грамадскасць. Ганаровае месца, зразумела, занімалі ветэраны Вялікай Айчыннай, вязні канцлагераў.

Пад збройны салют перапахаванне ажыццявілася, і было наступным пасля малебна настаяцеля храма Прасвятой Багародзіцы айца Уладзіміра.

Да помніка былі ўскладзены кветкі. Хвілінай маўчання ўсе ў чарговы раз узгадалі воінаў-вызваліцеляў, тых, каго сёння ўжо няма з намі. Раённы цэнтр культуры і народнай творчасці запрасіў усіх надалей на канцэртную праграму, прысвечаную юбілею нашага слаўнага горада, вольнага краю.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.