СА ШЧЫРАЙ ЛЮБОЎЮ І ПАДАРУНКАМІ!


 

Задумацца аб міласэрнасці і працягнуць руку дапамогі, не заставацца абыякавым да мужнасці, упартасці, настойлівасці тых, каму звыклыя для здаровых людзей рэчы даюцца з вялікай напругай, – менавіта з такой нагоды штогод 3 снежня адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў. Гэтую дату складана назваць святочнай. Але традыцыйна ў Міжнародны дзень інвалідаў ладзяцца рознага кшталту дабрачынныя мерапрыемствы.

У мінулы панядзелак у сценах ДУА “Слаўгарадскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі “Іскрынка надзеі” гасцей сустракалі педагогі, выхаванцы і іх бацькі. Па традыцыі з пустымі рукамі ў госці не ходзяць, а тым больш, калі гэта тычыцца дзяцей. Ведаючы гэта, візіцёры прыйшлі з падарункамі. Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, намеснік старшыні раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд міру” Алена Шаўцова прывітала прысутных. Яна адзначыла, што ў раёне, як і ў краіне ў цэлым, вядзецца вялікая работа для таго, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі здароўя маглі рэалізаваць свае таленты і здольнасці, знайсці працу па душы, жыць паўнавартасным жыццём і адчуваць сябе запатрабаванымі. Яна выказала вялікую падзяку педагогам, бацькам за цярпенне, любоў, клопат, якімі яны атуляюць сваіх дзетак, за тое, што іх падтрымліваюць, даюць магчымасць рэалізавацца і адчуваць сябе патрэбнымі. Алена Міхайлаўна ўручыла дырэктару цэнтра Антаніне Лукашковай і калектыву падзяку.

Ніколі не застаецца ў баку ад такіх мерапрыемстваў старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Марыя Даніленка. Яна шчыра пажадала ўсім здароўя, цярпення і любові, каб у дамах і сэрцах прысутных заўсёды панавалі дабрыня, цеплыня і радасць. Марыя Уладзіміраўна падмацавала свае словы пажаданняў падарункам.

Разлікова-касавы цэнтр №11 у г. Слаўгарадзе філіяла ААТ «Белаграпрамбанк» — Магілёўскае абласное ўпраўленне, які шэфствуе над цэнтрам, прадстаўлялі начальнік РКЦ Алеся Плешакова і начальнік аддзела рознічных паслуг Іван Сомаў. Яны ўручылі грашовы сертыфікат, які будзе скарыстаны на патрэбы цэнтра.

Антаніна Лукашкова падзякавала гасцей за ўвагу, клопат, адзыўлівасць і дапамогу. Яна адзначыла, што ў сілу пэўных абставін на мерапрыемстве не змагла прысутнічаць індывідуальны прадпрымальнік Наталля Шэндзерава. Аднак і яна аказала фінансавую дапамогу цэнтру, папоўніўшы ягоны рахунак на пэўную суму.

Падарункам жа для гасцей стала канцэртная праграма з удзелам выхаванцаў цэнтра, якія праз танцы, вакал дэманстравалі свае артыстызм, харызму, і, канешне, дзіцячую непасрэднасць. Прыемны сюрпрыз для выхаванцаў падрыхтавалі іх даўнія сябры – работнікі РЦК і НТ. Яны запрасілі дзяцей у казачнае падарожжа, каб разам знайсці добры настрой. Завяршылася дзейства хэпі-эндам. Апасля выхаванцы разам з бацькамі частаваліся смачнасцямі за “салодкім сталом”, які для іх арганізаваў ІП Віктар Еўмушкоў.

Тэкст і фота

Святланы БЯЛЯЕВАЙ.


Понравилась запись? Поделитесь ею в социальных сетях!