З ПАЖАДАННЯМІ І ПАДАРУНКАМІ


Рэабілітацыйны цэнтр “Іскрынка надзеі” на гэтым тыдні таксама сабраў сваіх выхаванцаў, іх бацькоў і сяброў установы для сумеснага святочнага мерапрыемства – Навагодняй ёлкі. Кіраўнік раёна Канстанцін Жыгуцкі, старшыня райсавета дэпутатаў Святлана Язерская, іншыя пасадавыя асобы, шэфы завіталі да дзетак з асаблівасцямі развіцця з тым, каб сустрэць свята разам.
Вядомая справа, без падарункаў не абыйшлося. Прычым яны былі як салодкімі, так і практычнымі. А тая атмасфера, якую стварылі выхаванцы цэнтра, госці і самадзейныя артысты, узняла настрой і хоць на крыху пакінула надзённыя турботы па-за ўвагай. Госці віншавалі калектыў “Іскрынкі надзеі”, яго выхаванцаў, вадзілі карагоды, гулялі ў рухомыя гульні. Карацей кажучы, бавілі час, нібыта ў гэты дзень увесь свет стаў для іх агульным домам.
Было прыемна разумець, што і гэтыя дзеці, на лёс якіх выпала нямала складанасцяў, могуць радавацца ўвазе дарослых сур’ёзных дзядзь і цёць. А апошнія зробяць усё, каб і выхаваўчы і рэабілітацыйны працэсы тут ладзіліся на самым высокім узроўні, і ніякія бытавыя пытанні ад гэтай высокароднай дзейнасці калектыў не адцягвалі. З Новым годам, паважаныя бацькі выхаванцаў. Шчыра зычым моцнага здароў’я вашым дзеткам, а вам – сіл і разумення, фінансавага і бытавога дабрабыту.

Уладзімір ВАСІЛЬЕЎ.

Фота аўтара.