Меню
Категории
З ЛЮБІМАЙ РАЁНКАЙ І Ў НАСТУПНЫМ ГОДЗЕ!
04.01.2019 Без рубрики


У мінулую суботу, калі падпісная кампанія на першы квартал і першае паўгоддзе надыходзячага 2019 года выйшла на фінішную прамую, супрацоўнікі рэдакцыі сумесна з работнікам мясцовага аддзялення паштовай сувязі правялі чарговы Дзень падпісчыка. Месцам нашай дыслакацыі быў абраны гандлёвы аб’ект “Евроопт”, дзе ў той дзень панавала атмасфера перадсвяточнай мітусні. Канешне ж, правесці гэты дзень у традыцыйным фармаце мы не збіраліся. Таму разам з намі ў віншавальна-падпісную кампанію ўключыліся Дзед Мароз, загадчык аддзела пісьмаў рэдакцыі Ілья Жартун, са Снягуркай, загадчыцай аддзела сацыяльных праблем Аксанай Нямцовай. Безумоўна, гэтая акалічнасць надала настраёвасці і пакупнікам, і нашым падпісчыкам. Галоўныя персанажы навагодніх святаў прапаноўвалі слаўгарадчанам абавязкова ўзяць з сабой у год Жоўтай Свінні раёнку, з тым каб быць у курсе раённых навін і каб 2019-ы не падклаў, так бы мовіць, свінню. А дзеля гэтага толькі і трэба было аформіць падпіску. Былі, канешне, грамадзяне, што панура-заклапочана міналі нас. Але такіх былі адзінкі. Многія адзначалі, што не сталі чакаць заканчэння падпісной кампаніі і выпісалі раённае выданне загадзя. Асобныя, афармляючы ў нас падпіску, нават падзякавалі, што і настрою надалі святочнага, і газету выпісалі без чаргі, а яшчэ і сувенір за гэта атрымалі. Дарэчы, кожнаму, хто працягнуў сяброўства з раёнкай у 2019-ым, Дзед Мароз са Снягуркай уручылі ёлачныя шары і календары.
У першую чаргу раёнку ішлі выпісваць яе пастаянныя кліенты, якіх па-асабліваму прыемна было бачыць. З імі нам заўсёды цікава пагутарыць, атрымаць водгукі па некаторых публікацыях і нават заўвагі і прапановы. Тым больш што для нас насамрэч вельмі важная двухбаковая сувязь, каб ведаць, што цікавіць чытачоў, якія праблемы хвалююць, чаго не хапае на старонках газеты. Сярод нашых пастаянных кліентаў нямала людзей савецкай загартоўкі, для якіх чытанне прэсы – неад’емная частка жыцця. Таму і пра падпіску ім не трэба нагадваць.
Пазней мы завіталі на гарадское аддзяленне паштовай сувязі, дзе таксама людзей было зашмат. Зноў-такі Дзед Мароз са сваёй спадарожніцай Снягуркай віншавалі слаўгарадчан, запрашалі прыняць удзел у падпісцы і ўручалі сувеніры.
А 26 снежня з рабочым візітам наш раён наведала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Кананчук. Акрамя дэпутацкіх спраў яна знайшла магчымасць завітаць на паштовае аддзяленне, каб таксама выпісаць раёнку. Падпіску Таццяна Пятроўна аформіла на паўгоддзе і цяпер двойчы на тыдзень на мінскі адрас будзе прыходзіць “Прысожскі край”. Яна пераканана, што кожны, хто любіць і паважае сваю малую радзіму, абавязкова павінен ведаць, чым яна жыве. Поўна і аб’ектыўна гэта адлюстроўвае раённая газета. Дэпутат упэўнена, што ў кожнага грамадзяніна з актыўнай жыццёвай пазіцыяй не павінна ўзнікаць нават думкі, каб яе не выпісваць.
Сапраўды, чаго хаваць, даводзіцца і нам сустракаць людзей, якія не выпісваюць раёнку. Калі пытаемся, чаму не выпісваюць, дык чуем у адказ: “А навошта?” – “Каб быць у курсе, трымаць руку на пульсе!”
– Мы і так усё ведаем, – рэзюмуюць. А спытаеш канкрэтна – дык на самой справе не ведаюць нічога. Таму раім выпісваць і чытаць раёнку, каб быць у курсе, чым жывуць раён, вобласць, краіна ў цэлым. А не абурацца потым, што нешта не так.
Хутка мы ўступім у Новы 2019 год. Хочацца пажадаць нашым падпісчыкам і ўсім слаўгарадчанам здароўя, шчасця, аптымізму і поспехаў. Няхай з раёнкай у вашы дамы прыходзяць толькі добрыя навіны.

Святлана БЯЛЯЕВА.
Фота аўтара і Ільі ЖАРТУНА.

Комментарии закрыты
*