НА РАСТВО – З ПАДАРУНКАМІ


 

Праваслаўныя хрысціяне лічаць Раство Хрыстова адным з галоўных святаў, якое ўвасабляе сабой любоў, веру, дабро і шчасце. У Евангелле сказана, што калі нарадзіўся будучы Збавіцель, вешчуны першымі прыйшлі павітаць Хрыста і прынеслі яму дары. Менавіта з гэтай важнай падзеі, з прынашэння падарункаў вешчунамі, і пайшла традыцыя ўсяго хрысціянскага свету абменьвацца прэзентамі на Раство Хрыстова. Мінула больш двух тысяч гадоў, аднак традыцыя адорваць блізкіх захавалася і сёння. І галоўнае тут не столькі падарунак, колькі ўвага і клопат да чалавека, які ў гэтым мае патрэбу.
Учора настаяцель храма Раства Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Уладзімір наведаў людзей сталага ўзросту, якія знаходзяцца ў сацыяльных палатах райбальніцы. Так сталася, што гэтыя шасцёра слаўгарадчан на старасці гадоў засталіся без клопату і падтрымкі родных людзей. Сустракалі яны айца Уладзіміра са светлай радасцю ў вачах. Госць шчыра павіншаваў пацыентаў са святам. Ён адзначыў, што гэта дзень, калі ў свет з любоўю ўвайшоў Ісус Хрыстос. Пажадаў, каб у сваёй штодзеннай малітве дзякавалі Бога за кожны пражыты дзень, мацавалі духоўную сілу і веру, а яшчэ – аптымізму і здароўя. А пакеты з салодкасцямі, якія для кожнага падрыхтаваў айцец Уладзімір, сталі прыемным сюрпрызам.

Тэкст і фота Святланы БЯЛЯЕВАЙ.