ПА СТАРОНКАХ ГІСТОРЫІ І З НАДЗЕЯЙ НА БУДУЧАЕ

 

У мінулы чацвер рэдактара раёнкі Уладзіміра Рыжанкова запрасілі ў ДУА “Ржаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – базавая школа” з тым, каб ён, так бы мовіць, з першых вуснаў расказаў школьнікам аб прафесіі журналіста. Сустрэчы такога фармату сталі традыцыйнымі ў гэтай навучальнай установе, бо праз жывы дыялог з прадстаўнікамі розных прафесій вучні акрамя таго, што пашыраюць свае веды, яшчэ і задаюць пытанні, атрымоўваючы кампетэнтныя адказы на іх.
Уладзімір Васільевіч распачаў з таго, што расказаў, які шлях станаўлення прайшла раёнка, пачынаючы з 1932 года. Прапанаваў вучням паглядзець першую падшыўку газет за 1949 год, якая захоўваецца ў рэдакцыйным архіве.
Што тычыцца прафесіі, ён адзначыў, што яна вельмі адказная, бо фарміруе грамадскую думку, адлюстроўвае рэакцыю на пэўныя падзеі, а часам і ўплывае на іх. Таму важна данесці да чытача карэктную і праўдзівую інфармацыю. Кожнае напісанае слова павінна быць старанна абдумана, каб інфармацыя не ўспрымалася ў скажоным выглядзе.
У вучняў і педагогаў было нямала пытанняў да выступоўцы. Ім было цікава, якімі важнымі якасцямі павінен валодаць журналіст, у якіх вузах іх рыхтуюць, як рэдактар прыйшоў у гэтую прафесію і чым захапляецца ў вольную часіну. Падчас размовы абмеркавалі, як наладзіць папулярызацыю беларускай мовы. Педагогі выказалі заўвагу, што на старонках газеты беларускамоўных матэрыялаў павінна быць больш. У адказ Уладзімір Васільевіч адзначыў, што толькі гэткім захадам зрушыць праблему з мёртвай кропкі наўрад ці атрымаецца. Тут патрэбна прыняцце адпаведных мер на дзяржаўным узроўні. Але паабяцаў, што ў аўтарскіх матэрыялах журналісты раёнкі будуць рабіць акцэнт на беларускую мову. Дырэктар школы Галіна Сівакова прапанавала адрадзіць дзіцячую старонку “Прысажаначка”, якая штомесячна выходзіла ў свет менавіта з падачы настаўнікаў і вучняў Ржаўскай школы. Прынамсі, Ржаўская школа заўсёды была і застаецца надзейным сябрам і партнёрам раёнкі. Таму, адзначыла кіраўнік школы, такога кшталту сустрэчы будуць ладзіцца і далей.
Напрыканцы сустрэчы рэдактар звярнуўся да вучняў, якія ў далейшым збіраюцца звязаць сваё прафесійнае жыццё з журналістыкай, быць больш актыўнымі і супрацоўнічаць з раёнкай, не баяцца рабіць свае першыя “спробы пяра” на газетных старонках. На развітанне госць пажадаў усім поспехаў, добрых ведаў і ўпарта ісці да сваёй мэты, тады абавязкова ўсё атрымаецца.

Тэкст і фота
Святланы БЯЛЯЕВАЙ.