«ВЯЛІКАЯ СЯМ’Я – ВЯЛІКАЕ ШЧАСЦЕ»

 

Конкурс праводзіўся ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Здароў’е народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016 – 2020 гады” і ладзіўся ў кінатэатры “Радзіма” ў мінулую пятніцу. Заяўкі на ўдзел падалі тры сям’і са Слаўгарада: Фёдар і Іна Сладзікавы, Сяргей і Святлана Швіло, Аляксандр і Марына Жураўлёвы. За ходам конкурсных выпрабаванняў сачыла кампетэнтнае журы, якое ўзначаліла намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Алена Шаўцова; начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Вольга Іванова; дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Карламарксаўскай выбарчай акрузе №9, дырэктар установы “Слаўгарадскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Людміла Варанцова; начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Купрыянцава; старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Дзенісенка; метадыст аддзела па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ірына Еўдакіменка; старшыня раённай грамадскай арганізацыі “Чырвоны Крыж” Марыя Даніленка; старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”, дырэктар кампаніі “Oriflame” Валянціна Сопелева і аўтар гэтых радкоў. Парадак удзелу канкурсантаў вызначыла жараб’ёўка, пасля чаго сем’і прадставілі свой радавод, расказалі пра сямейныя традыцыі. У кожнай атрымалася гэта зрабіць арыгінальна, дзесьці з гумарам і самакрытыкай. Уразіла, што ўдзельнікі даволі глыбока ведаюць гісторыю свайго роду і перадаюць яе сваім дзецям.
Пра ўсе гэтыя сем’і ў свой час мы расказвалі нашым чытачам на старонках раёнкі, і, як мне памылкова падавалася, пра іх многае вядома. Аднак праз гэты конкурс яны раскрыліся яшчэ больш, прадэманстраваўшы свой рэцэпт шчасця і сваё бачанне таго, якімі павінны быць правільныя сямейныя адносіны.
У Сяргея і Святланы Швіло шасцёра дзетак, сямейны стаж складае 22 гады. Святлана ўзнагароджана Ордэнам маці. А сваіх дзетак яны выхоўваюць у хрысціянскіх традыцыях, імкнуцца даць ім духоўны накірунак, каб яны змаглі выстаяць перад рознымі спакусамі і ісці па жыцці правільным шляхам. І любоў да Бога прывіваюць ім з маленства, бо ўпэўнены, што лёс чалавека – ад Госпада.
Для Сладзікавых гэты конкурс не стаў цяжкім выпрабаваннем, бо гады два таму яны прымалі ўжо ў ім удзел. Аднак іх “візітоўка” была не менш цікавай.
Безумоўна, самымі артыстычнымі былі Жураўлёвы. Гэта і зразумела, бо амаль усе прадстаўнікі гэтага сямейства– актыўныя ўдзельнікі розных конкурсаў, выступленняў, да сцэны звыклыя, таму выступалі як сапраўдныя артысты. Цікава прэзентавалі і ў другім конкурсе “Мая краіна – мая сям’я” кранаючы душу відэафільм “Аднойчы праз 15 гадоў”. Наогул усе канкурсанты ў гэтым іспыце з годнасцю сябе прадставілі, зрабіўшы акцэнт на галоўным: шчасце – у сям’і і дзецях, а з кожным прыбаўленнем шчасце гэтае толькі памнажаецца.
На плечы журы лягла цяжкая місія – вызначыць лепшую сям’ю і размеркаваць прызавыя месцы. Меркаванні членаў журы разышліся, сем’і выказвалі розныя прапановы, аднак у канцы іх працяглых спрэчак нарадзілася ісціна. “Шматдзетнай сям’ёй года-2019” сталі Жураўлёвы. Другую прыступку п’едэстала заняла сям’я Швіло. Сладзікавы ўзялі “бронзу”. Ад арганізатараў конкурса сем’і атрымалі грашовыя прэміі, дыпломы адпаведных ступеняў, кветкі і падарункі. І, канешне, бясконцы паток віншаванняў, прызнання і падзякі.
Артысты РЦК і НТ на працягу ўсяго конкурса падтрымлівалі атмасферу настраёвасці сваёй творчасцю.
Падводзячы вынікі, старшыня журы падкрэсліла, што хатні ачаг — гэта такі астравок шчасця, дзе вас заўсёды чакаюць, нягледзячы ні на што, дзе вам заўсёды рады.
–Сёння вельмі часта маладыя сем’і распадаюцца па дробязных падставах. І варта навучыцца знаходзіць кампраміс і імкнуцца да таго, каб з часам шлюбныя і сямейныя адносіны толькі ўмацоўваліся. І яскравы прыклад таму – сем’і-ўдзельніцы, – рэзюмавала Алена Міхайлаўна.
Застаецца дадаць, што сям’я Жураўлёвых будзе прадстаўляць Слаўгарадчыну на адборачным туры конкурса, які адбудзецца 27 лютага ў Мсціславе. Шчыра жадаем поспехаў і дасягнення новых вышынь, як у гэтым конкурсе, так і ў сямейным жыцці.

Тэкст і фота Святланы ІГАРАВАЙ.