ЭПОХА АДКРЫЦЦЯЎ, ДАСЯГНЕННЯЎ І РАЗВІЦЦЯ

 


1 студзеня 2019 года споўнілася 100 гадоў з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтай знамянальнай даце, прайшло ў раёне ў мінулую пятніцу. У кінатэатры “Радзіма” ў той дзень ладзіліся тэматычная выстава і канцэртная праграма “Нашай маладосці колер, нашай Радзімы гонар”.

На мерапрыемства былі запрошаны і ганаровыя госці, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё нашага раёна. Марш мажарэтак распачаў урачыстасць. Пасля гучання Дзяржаўнага Гімна Рэспублікі Беларусь прысутным быў прадэманстраваны відэафільм “Утварэнне БССР”. У ім былі адлюстраваны гістарычныя вехі падзей, якія адбываліся ў рэспубліцы і якія перажываў наш народ на працягу цэлай эпохі. Але працавіты беларускі народ змог пераадолець усе цяжкасці. Дзякуючы яго велізарным высілкам на розных гістарычных этапах быў закладзены трывалы грамадска-палітычны, эканамічны і культурны падмурак беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, які вытрымаў выпрабаванне часам, стварыў надзейную аснову будаўніцтва суверэннай Рэспублікі Беларусь.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская. У сваёй прамове яна таксама зрабіла невялікі гістарычны экскурс стварэння і развіцця БССР, пажадала нашай краіне захоўваць незалежнасць, быць моцнай і квітнеючай. А прысутным у зале жадала міру, дабра, дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Канцэртная праграма была пранізана патрыятызмам і любоўю да сваёй краіны, малой радзімы. На сцэну выходзілі артысты РЦК і НТ, выхаванцы цэнтра дзіцячай творчасці і дзіцячай школы мастацтваў, ансамбль “Прысожскія музыкі”, народны ансамбль “Чапурушкі”, вакальны дуэт работнікаў РАНС і многія іншыя. Сваёй творчасцю яны краналі, упэўнена, душу кожнага прыстунага ў зале, выклікаючы гонар за сваю родную Беларусь, за сваю Слаўгарадчыну, за беларусаў.

Тэкст і фота

Святланы БЯЛЯЕВАЙ.