У кінатэатры “Радзіма” на тыдні прайшлі адразу дзве нарады – пасяджэнне каардынацыйнага савета па ідэалагічнай рабоце з насельніцтвам і семінар ідэалагічнага актыву. Пры ўдзеле грамадскіх і рэлігійных арганізацый, ідэалагічнага актыву, сродкаў масавай інфармацыі былі падведзены вынікі работы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама па ўсіх напрамках за год мінулы і пастаўлены задачы на 2019 год.

Мерапрыемствы распачаліся ў фае кінатэатра, дзе ўвазе прысутных былі прадстаўлены выставы, прысвечаныя Году малой радзімы, якія падрыхтавалі раённы інфармацыйна-ідэалагічны цэнтр і грамадскія арганізацыі. Прэзентацыю кожнай выставы зрабіла загадчык вышэйназванага цэнтра Наталля Шамалава.

Удзельнікаў пасяджэння прывітала намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова, пасля чаго агучыла асноўныя пытанні, якія былі ўключаны ў парадак дня і патрабавалі разгляду. Па асноўнаму выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Купрыянцава. З яе справаздачы вынікала, што за мінулы год аддзелам была праведзена сапраўды вялікая і важная работа, удалося выканаць задачы, якія былі пастаўлены, праведзена зашмат мерапрыемстваў рознага кшталту. Акцэнтавала ўвагу аўдыторыі Галіна Васільеўна і на ідэалагічным суправаджэнні асноўных палітычных падзей, якія адбудуцца ў краіне ў бягучым годзе, агучыла асноўныя мэты і задачы, над дасягненнем якіх трэба ўсім старанна папрацаваць.

Аб тым, як рэалізуецца Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2016 года №109 “Аб увекавечанні памяці аб загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах вайны», распавяла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікторыя Цвярдова.

Пасля да мікрафона запрашаліся прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна, адказныя за ідэалагічную работу ў сваіх калектывах, а таксама грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў. Галоўны ўрач райбальніцы Алена Аксёнава, намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці Свенскай СШ Ала Маслоўская, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Дзенісенка, старшыня раённага савета ГА “БРПА” Святлана Калпачова, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вікторыя Гарадзецкая распавялі аб сваім вопыце работы і падзяліліся поспехамі.

Змястоўным і інфарматыўным было выступленне старшыні раённай арганізацыі Беларускага фонда міру, старшыні раённага Савета дэпутатаў Святланы Язерскай. Яна адзначыла, што грамадскае аб’яднанне накіравана на ўвекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, арганізацыю і ўдзел у дабрачынных і міратворчых мерапрыемствах, патрыятычнае і духоўнае выхаванне насельніцтва, асабліва моладзі, падтрымку менш абароненых слаёў насельніцтва, удзел у прапагандзе здаровага ладу жыцця, падтрымку адораных дзяцей і маладых талентаў, дзіцячых праграм. Фінансавая падпітка марапрыемстваў гэтых накірункаў, якія ладзяцца ў раёне, – дабраахвотныя ахвяраванні слаўгарадчан. Святлана Аляксандраўна дэталёва расказала, на якія праграмы накіроўваюцца сродкі, што зроблена ў раёне дзякуючы ім.

Завяршыўся семінар-нарада ўрачыстым момантам. Алена Шаўцова і Галіна Купрыянцава адзначылі асобных ідэолагаў за актыўную і плённую працу падзякамі.

Тэкст і фота Святланы БЯЛЯЕВАЙ.

Поделиться