На жаль, сямейны гвалт на сённяшні дзень дастаткова сур’ёзная і актуальная праблема, паколькі сустракаецца нават часцей, чым мы пра гэта ведаем, бо многія аддаюць перавагу пра гэта замоўчваць. Часцей за ўсё ахвяры хатняй тыраніі гатовыя трываць здзекі і чакаць пераменаў да лепшага. Але гэтага, як паказвае жыццё, не адбываецца.

Гэтай актуальнай тэме было прысвечана чарговае пасяджэнне міжведамаснага савета па пытаннях аказання комплекснай дапамогі грамадзянам, пацярпелым ад хатняга гвалту. Нарада праходзіла  ў райвыканкаме з удзелам намесніка пракурора раёна Ірыны Слаўнікавай, членаў савета, грамадскіх арганізацый, у тым ліку і Чырвонага Крыжа, і дэпутатаў. Вяла работу пасяджэння старшыня міжведамаснага савета, намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова.

Па асноўнаму пытанню было заслухана выступленне загадчыка аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і суправаджальнага пражывання ўстановы “Слаўгарадскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Святланы Жылянковай. Яна расказала, якая работа праводзіцца суб’ектамі прафілактыкі ў гэтым накірунку, якія паслугі аказваюць пацярпелым ад хатняга гвалту ў крызісным пакоі, як арганізавана інфармацыйная і прафілактычная дзейнасць.

Падчас пасяджэння былі таксама разгледжаны і абмеркаваны пытанні забеспячэння аператыўнага і кругласутачнага доступу грамадзян, у тым ліку і з непаўналетнімі дзецьмі, да паслугі часовага прытулку на базе крызісных пакояў, інфармацыйна-асветніцкай работы з грамадзянамі, пацярпелымі ад сямейнага гвалту, аказання ім усіх відаў дапамогі і іншыя.

Члены савета выказалі прапанову вызначыць таксама жылы пакой часовага знаходжання і для хатняга агрэсара на той выпадак, калі ў дачыненні да яго выносіцца ахоўнае прадпісанне, якім прадугледжваецца ўвядзенне абмежавання на зносіны дэбашыра з членамі сям’і. Калі ён падлягае высяленню з жылога памяшкання і яму няма больш куды пайсці жыць, ён зможа карыстацца гэтым пакоем на платнай аснове. Гэтая прапанова была адобрана.

Па разгледжаных пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні, якія абязваюць суб’екты прафілактыкі актывізаваць інфармацыйна-асветніцкую дзейнасць, прафілактычную работу, узмацніць міжведамаснае ўзаемадзеянне.

Святлана БЯЛЯЕВА.

Поделиться