Вясна ў гэтым годзе выдалася ранняя, што паспрыяла таму, каб аграрыі раёна прыступілі да палявых работ ужо зараз. Праўда, дзейнасць гэтую разгарнулі пакуль не ўсе. Справа ў тым, што глеба не ўсюды яшчэ гатовая. Аднак, як паведамілі ў райсельгасхарчы, на гэтым тыдні плануецца вывесці на палеткі тэхніку з усіх гаспадарак.

У мінулы панядзелак першымі выйшлі ў поле аграрыі КСУП “Заранскі” і ААТ “Зімніца”. Каб паглядзець, як арганізаваны вясенне-палявыя работы ў першым сельгаскааператыве, мы адправіліся на пашу, дзе працавалі механізатары.

У той дзень яны былі задзейнічаны на ўнясенні мінеральных угнаенняў, падкормцы азімых культур, падрыхтоўцы глебы да сяўбы. Асноўны фронт работ праходзіў на палетках, што непадалёк ад вёскі Чарнякоўка. Наяўнасць у “Заранскім” магутнай энерганасычанай тэхнікі дазваляе выконваць работы своечасова і якасна.

Па азімым пасевам рухаўся комплекс “Роса”, на якім працуе механізатар Сяргей Бусянкоў. Малагабарытная і манеўраная машына шпарка “бегала” па полі і ўносіла мінеральныя ўгнаенні.

–Добрая тэхніка, сучасная! – каментуе нам Сяргей Мікалаевіч. – Што характэрна – наша, беларуская. Праходзіць там, дзе іншая буксуе і гразне. Цікава, што  працуе яна на шынах нізкага ціску, што дазваляе пачынаць працу ў полі значна раней. І галоўнае – машына практычна не пашкоджвае пасевы азімых.

Як стала вядома, гаспадарка атрымала агрэгат “Роса” у бягучым годзе па праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёну.

Кантралявалі работу аграрыяў дырэктар гаспадаркі Святлана Караткова і галоўны аграном Кацярына Курыленка.

–Да пачатку вясновай сяўбы ў нас усё падрыхтавана, – расказвае Святлана Аляксандраўна. – У гаспадарцы маецца дастатковы запас гаруча-змазачных матэрыялаў, мінеральных угнаенняў, насення, на лінейцы гатоўнасці ўся тэхніка. Пасяўныя плошчы ў нашым сельгаспрадпрыемстве адны з самых вялікіх у раёне. Аднак мы плануем правесці пасяўную кампанію ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны і зрабіць гэта якасна. Упэўнена, што ўсё паспеем своечасова. Людзі ў нас руплівыя, не першы год задзейнічаны на такіх відах работ і працуюць адказна.

На трактары “Беларус-3022” з прычапнымі плугамі шчыраваў перадавік, пра поспехі і дасягненні якога мы пішам на старонках раёнкі штогод, – Генадзь Сувораў. Праца яго цяжкая, мазалёвая, аднак калі б мы з ім ні сустракаліся, Генадзь заўсёды бадзёры, пазітыўна зараджаны і з  усмешкай. Ён добра ведае сваю справу і ставіцца прынцыпова да бездакорнага яе выканання. Дуэтам з механізатарам Віталем Вараб’ёвым яны зладжана гатовілі глебу для будучага ўраджаю яравых культур.

Копаць Аляксандр хоць і з кагорты маладых рупліўцаў гаспадаркі, аднак працуе таксама выдатна. Як зазначыла Святлана Аляксандраўна, на яго можна пакласціся і даверыць адказны ўчастак работы.

– Увогуле, сёння ў сельгасарганізацыі засталіся працаваць толькі надзейныя кадры. Пасяўная – гэта, бадай, самы адказны этап у годзе. І я вельмі ўдзячная нашаму калектыву за разуменне гэтага. Як пасееш, так і пажнеш – кажуць у народзе. Таму просім боскую канцылярыю ў саюзнікі і накіроўваем усе сілы на гэтую кампанію, – падкрэслівае ў нашай размове Святлана Караткова.

Няхай дае бог усім, хто сёння ў полі, хто імкнецца працаваць і робіць гэта сумленна.

Тэкст і фота Уладзіміра РЫЖАНКОВА.

Поделиться