Пастфактум: уся Беларусь у мінулы чацвер адзначала 74-ю гадавіну Вялікай Перамогі

 

Менавіта столькі свет жыве без карычневай чумы фашызма. Роўна столькі наш народ жыве пад мірным небам, на вольнай зямлі. У гэты дзень мільёны нашых землякоў, людзей па ўсяму свету ўспаміналі падзеі сярэдзіны мінулага стагоддзя. Часу, калі пад пагрозу была пастаўлена незалежнасць паловы краін Еўропы.

І толькі Савецкі Саюз, ягоныя народ і армія здолелі не толькі спыніць ворага, але і перамагчы яго. Загнаўшы ў логава, пазбавілі яго існавання. Цана, якую заплаціў беларускі народ, вельмі высокая. Кожны трэці паклаў сваё жыццё на алтар  Вялікай Перамогі. Цяжка ацаніць і ўклад у справу перамогі грамадзянскага насельніцтва акупаваных тэрыторый. Жах, які яны перажылі, штодзённая сустрэча са смерцю блізкіх і пастаянная рызыка быць знішчанымі – гэта па-за сіламі чалавека. Але так нам сёння толькі падаецца. У тыя дні, тыдні, месяцы нашы людзі праявілі неверагодныя гераізм і мужнасць. Дзякуючы ім Вялікая Перамога прыйшла да нас. А ў вечным агні тысяч і тысяч помнікаў, памятных знакаў мы аб’ядналі свае вечныя прызнанні і ўдзячнасць кожнаму, хто зрабіў свой уклад у Вялікую Перамогу.

Слаўгарадчына, яе насельніцтва на сабе адчулі, што такое вайна, акупацыя, баі з тысячамі смерцяў. Ад таго і ўспаміны пра Вялікую Айчынную не скончацца, мяркую, ніколі. Бо яна закранула так ці гэтак кожную сям’ю. Смерць аднаго чалавека – гэта трагедыя. А калі гіне трэць усяго народа?!

Урачыстасці з нагоды Дня Перамогі прайшлі і на слаўгарадскай зямлі. Традыцыйным ужо сталі шэсце да брацкай магілы ў гарадскім парку і мітынг-рэквіем.

Хвіліна маўчання, бясконцыя кветкі да абеліску. Здаецца, гэта па сутнасці самая ціхая хвіліна была самай пранізлівай, самай гучнай. Бо была як успамін пра мільёны ахвяр той вайны.

Кіраўнік раёна Канстанцін Жыгуцкі з прывітальным словам звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу, гасцей святочнай падзеі. А сярод іх былі прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі, Казахстану.

“Наш край перанёс шмат пакут, народ ягоны годна праявіў сябе ў ліхалецці вайны. Савецкі народ у тыя часы не падзяляўся па нацыянальнасцях ці веравызнанні. На абарону ўсталі ўсе. І кожны рабіў тое, чым мог быць карысным. Сёння наша краіна – гэта апора міра і дабра. А беларускім гасціннасці, добрасуседству і талерантнасці могуць пазайздросціць і трэба навучыцца многім. Таму хочацца, каб справы нашых дзедаў і прадзедаў, людзей, якія змагаліся за перамогу, не былі забытыя. І ў гэтым мы прысягаем,” – адзначыў старшыня райвыканкама.

Слова ўзялі і госці нашага раёна, чые продкі таксама змагаліся ў той вайне і пахаваныя на нашай зямлі.

“Тое, як ваш народ ставіцца да памяці загінуўшых у вайне, як клапоціцца і даглядае помнікі – заслугоўвае асобнай удзячнасці. Мы вельмі рады, што завіталі на месца, дзе пахаваны наш дзядуля. Зараз ваш край для нас стане нібыта другой радзімай. Вялікі дзякуй раённай уладзе, слаўгарадчанам за работу, якая вядзецца па ўвекавечванню памяці воінаў-вызваліцеляў,” – прагучала на мітынгу.

Ветэран вайны, знакаміты наш зямляк Фелікс Шкірманкоў таксама звярнуўся да “сыноў XXI века”. Ён адзначыў, што ягонае пакаленне зрабіла ўсё, каб мірнае неба, магчымасць жыць у вольнай і незалежнай Беларусі стала нормай для сучаснікаў. А прадстаўнікі моладзі ў сваю чаргу далі абяцанне стаць годнымі гераізму і подзвігу вызваліцеляў.

Апагеем стала шэсце “Беларусь памятае”. Гэтая акцыя стала традыцыяй і дазволіла яшчэ раз убачыць твары людей, якія стаялі за Вялікай Перамогай, сваімі жыццямі заплаціўшы за яе.

Канцэртная праграмма на адкрытай пляцоўцы РЦК і НТ працягвала святочныя мерапрыемствы. Тэматычныя пляцоўкі “Кветкі Вялікай Перамогі”, “Франтавая бібліятэка” і іншыя дазволілі гледачам адчуць тую атмасферу, той быт, у якіх гартавалася Перамога.

Спартыўная пляцоўка запрашала самых дужых, актыўных. Гандлёвыя рады таксама былі прадстаўлены. Увечары на тым жа месцы можна было патанчыць пад сучасную музыку, пачуць песні ваеннай тэматыкі.

Урачысты салют асвяціў неба Слаўгарада ў 22 гадзіны. Пад вокліч гледачоў серыя рознакаляровых агеньчыкаў сімвалізавала яшчэ раз, што Вялікая Перамога – свята на нашай зямлі галоўнае, незабыўнае, векапомнае.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.