Моладзь Слаўгарадчыны

 

Перамога на рэспубліканскім этапе алімпіяды па вучэбных прадметах для вучаніцы вясковай школы – падзея вельмі значная, як і для ўстановы адукацыі. Абысці навучэнцаў абласных гарадоў і нават сталіцы далёка не кожнаму ўдаецца, а Алёна КУХАРАВА, адзінаццацікласніца з Васькавіцкай сярэдняй школы, змагла. Увогуле, да гэтай важкай перамогі Алёна крочыла з 4 класа, калі заняла першае месца на раённай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. З цягам часу дзяўчына заявіла аб сабе і на вобласці, паступова і планамерна ідучы па шляху новых ведаў і адкрыццяў.

Чаму менавіта беларуская мова і літаратура? Старэйшая сястра Кацярына, якая зараз з’яўляецца студэнткай БДУ, у свой час таксама ўдзельнічала ў алімпіядзах менавіта па гэтых прадметах і стала для малодшай сястрычкі прыкладам. А любоў да роднай мовы пачалася яшчэ з дзяцінства. Тата, вялікі аматар пачытаць, прывіваў дочкам інтарэс да беларускамоўных твораў. Усё гэта вылілася ў жыццёвую пазіцыю Алёны – амаль заўсёды размаўляць па-беларуску.

“На рускай мове размаўляе ўся Расія. Іх там многа, а нас, у параўнанні з расіянамі, мала. Таму натуральна, што беларусы павінны размаўляць на сваёй роднай мове”, – разважае дзяўчына. І з ёй складана не пагадзіцца.

Гераіня матэрыяла выдатна вучыцца. Пасля дзевяці класаў яна атрымала пасведчанне з адзнакай, і ёсць усе падставы чакаць залаты медаль пасля заканчэння школы. Акрамя таго Алёна з’яўляецца актыўнай удзельніцай розных школьных конкурсаў, інтэлектуальных гульняў. А любоў да мелодыі беларускага слова падштурхнула да напісання вершаў. Наколькі яны ўдалыя, можна меркаваць па перамозе на абласным конкурсе сачыненняў, эсэ і вершаў “Мая Беларусь. Мая будучыня”, які праводзіў БРСМ у мінулым годзе.

Бацькі Алёны падтрымліваюць яе ва ўсіх пачынаннях, яны – яе галоўныя балельшчыкі і сябры. Не толькі поспехі ў вучобе дачкі прыносяць ім задавальненне, але і яе хобі. Не так даўно Алёна захапілася посткросінгам, таму ўся сям’я з цікаўнасцю разглядае паштоўкі, які прыходзяць на іх адрас з розных краін свету. Таксама дзяўчына з’яўляецца спартыўным аматарам: любіць глядзець біятлон, фігурнае катанне. У гэтым годзе ў нашай краіне праходзілі чэмпіянаты Еўропы па гэтых відах спорту, і Кухаравы знайшлі магчымасць пабачыць на свае вочы гэтыя спаборніцтвы.

Нягледзячы на тое, што Аляксандр Уладзіміравіч і Марына Мікалаеўна займаюць адказныя пасады ў ААТ “Прывольны агра”, яны знаходзяць магчымасць займацца выхаваннем дочак у культурна-гістарычным напрамку. Падарожжы па Беларусі ўсёй сям’ёй сталі ўлюбёным адпачынкам Кухаравых. Бацька, які вельмі захапляецца гісторыя сваёй краіны, складае маршрут для сваіх дзяўчын і разам яны адпраўляюцца на сустрэчу з рознымі выдатнымі мясцінамі Беларусі.

Падчас гаворкі Алёна яшчэ не вызначылася з навучальнай установай, у якую будзе падаваць дакументы дзеля паступлення. Аднак  яе будучая прафесія безумоўна будзе звязаная з філалогіяй у большай ці меншай ступені. Тым больш што перамога на рэспубліканскай алімпіядзе дае 100-бальны вынік на ЦТ па беларускай мове. Што ж, жадаем поспехаў гэтай таленавітай дзяўчыне на яе жаццёвым шляху!

Тэкст і фота Аксаны НЯМЦОВАЙ.