Пастфактум: у Слаўгарадзе прайшлі ўрачыстыя школьныя лінейкі

 

Штогод бываючы на ўрачыстых школьных лінейках, мяне не пакідае адчуванне нейкай усхваляванасці. Асабліва гэта тычыцца апошніх званкоў. Тут прысутнічае моцная пазітыўная энергетыка, якая ў асноўным, вядомая справа, генерыруецца школьнікамі ў прадчуванні летніх канікулаў.

Было так і ў мінулы чацвер падчас урачыстасці вучняў і педагогаў першай гарадской. Увогуле хачу адзначыць, што апошнія званкі страцілі фармат класічнай лінейкі. Зараз – гэта сапраўдная феерыя. Тут вам і песні, і вершы, і танцы. Вядомая справа і ганаровыя госці – традыцыя, якая ідзе з года ў год.

Сёлета павіншаваць школьнікаў і педагогаў завіталі Святлана Язерская, старшыня раённага Савета дэпутатаў, і Вольга Іванькова, начальнік аддзела па аказанні страхавых паслуг «Белдзяржстрах» у нашым раёне. Святлана Аляксандраўна звярнулася да ўдзельнікаў урачыстасці. І асаблівым чынам да яе галоўных дзеючых асоб – выпускнікоў.

“Паважаныя выпускнікі. Перад вамі адкрываюцца ўсе дарогі. Зычу вам выбраць адзіную, па якой вы пойдзеце і будзеце шчаслівымі, паспяховымі, запатрабаванымі. І ні ў якім выпадку не адмаўляйцеся ад сваіх мараў. Самых смелых, амбіцыёзных. Не атрымаецца з першага разу, спрабуйце яшчэ, памыляйцеся, рабіце высновы і зноў наперад,” – адзначыла выступоўца.

“Ніколі не забывайце пра бяспеку. Здароўе – той рэсурс, які трэба берагчы заўсёды. Яго не бывае зашмат. Наша страхавое прадпрыемства – найбуйнейшае ў краіне. І мы не па слыхах ведаем, якія выпрабаванні могуць чакаць чалавека па жыцці. І традыцыйна мы падтрымліваем навучальныя ўстановы Беларусі. На гэты раз установай адукацыі, якой мы накіроўваем сваю ўвагу, дзякуючы нашым кліентам, вядомая справа, стала першая гарадская школа.  Мы перадаем сертыфікат на дзве тысячы рублёў на набыццё інтэрактыўнай дошкі. Перакананая, што навучальны працэс з яе дапамогай стане больш камфортным і выніковым,” – падкрэсліла Вольга Фёдараўна і перадала падарунак дырэктару школы Ігару Кавалёву.

Наступным блокам стала ўзнагароджанне найбольш паспяховых вучняў, таленавітых і актыўных, тых, хто жыў жыццём школы, калектыву.

Прыемна адзначыць, што спіс вучняў для ўшанавання здаваўся бясконцым. І гэта не магло не радаваць і пасяляць у сэрдцы надзею на моладзь. Сярод мноства наменантаў дазволю сабе адзначыць вучаніцу, якая затрымала ўвагу аўдыторыі асабліва доўга. Кацярына Фаміцкая атрымала з рук дырэктара каля шасці папяровых пацверджанняў сваёй таленавітасці, працавітасці, жыццёвай пазіцыі. Дыпломы пераможцы і прызёра абласных, раённых і рэспубліканскіх алімпіяд, творчых конкурсаў, здавалася, не перастануць пералічваць. А той факт, што за дзявяты клас Кацярына атрымала “пасведчанне з адзнакай”, па словах адміністрацыі школы, з’яўляецца лічы стопрацэнтнай гарантыяй атрымання дзяўчынай “залатога медаля”.

Не менш кранальная і ўрачыстая феерыя прыгажосці адбылася напярэдадні выпускных – па галоўнай вуліцы горада прайшлі калонай прыгожыя, прыбраныя, пасталелыя выпускнікі. Іх гучна віталі школьнікі, бацькі, дзятва і проста мінакі. Пасля ўскладання кветак да брацкай магілы ў гарадскім парку юнакі і дзяўчаты адправіліся на святочны канцэрт у іх гонар у РЦК і НТ – “У добры шлях, выпускнік-2019”.

Сёння распачаліся выпускныя экзамены, якія паўплываюць на канчатковы вынік. Таму зычым кожнаму выпускніку годна праявіць свае веды і выцягнуць шчаслівы білет на экзамене.

Але вернемся да мерапрыемства. Яно перацякала з фазы ўрачыстай у больш актыўную. Гучала шмат добразычлівых слоў, віншаванняў. Бясконцымі былі букеты кветак.

Журбоце ж месца таксама знайшлося. Так ці інакш, але раставанне – гэта заўсёды журбота. А раставанне з класам, настаўнікамі, сценамі школы не можа радаваць,  на маю думку. Але жыццё ідзе. І яно патрабуе сёння быць актыўным, няўрымслівым.

Няхай і ты, выпускнік-2019,  будзеш адпавядаць усяму пералічанаму. А твой жыццёвы шлях будзе поўным на пазітыў, шчасце і любоў. А як жа без іх?! Са святам!

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.