У мінулую нядзелю Беларусь развіталася з Еўрагульнямі. А іхняе ўрачыстае закрыццё стала насамрэч відовішчам сусветнага ўзроўню. Такім чынам, па падведзеных выніках, спартсмены нашай краіны занялі ў медалёвым заліку другое месца. Саступіўшы толькі нашай усходняй суседцы – Расіі і абышоўшы паўднёвую суседку – Украіну. Больш як з пяцідзесяці краін спартсмены, валанцёры, гледачы, заўзятары завіталі да нас. І па водгуках адкрылі ў чарговы раз гасцінную, добразычлівую краіну са шчырымі і ветлівымі людзьмі. 

Слаўгарадская зямля таксама на два дні стала пляцоўкай, дзе разгортваліся спартыўныя баталіі. Аграпрамысловы комплекс Магілёўскай вобласці сабраўся на Слаўгарадчыне, з тым каб памерацца сіламі па розных відах спорту. 

Мы ў мінулым нумары раёнкі і на інтэрнет-сайце выдання ўжо анансавалі цырымонію адкрыцця спартакіяды. Зараз распавядзем пра яе ход, пазнаёмім з вынікамі. 

Усё дзейства разгортвалася на некалькіх пляцоўках: гарадскі стадыён, першая гарадская школа, узбярэжжа Проні каля Новай Слабады. У кожным з гэтых месцаў у мінулыя пятніцу і суботу жыццё, як кажуць, кіпела. Забягаючы наперад, скажу, што такога роду гульні ніколі не ставілі перад камандамі звышзадачы біць нейкія рэкорды, выкладвацца з сіл, здароўю на шкоду. Гэта хутчэй сустрэча аднадумцаў, калег, закліканая падтрымаць карпаратыўны дух, аб’яднаць яшчэ больш. Тым не менш элементы фанатызму прысутнічалі. Але пра ўсё па парадку. 

Першы дзень спартакіяды прадугледжваў праграмай, так бы мовіць, адборачныя гульні па футболе, кіданне гранаты, адну з варыяцый баскетбола, шахматы і некаторыя іншыя выпрабаванні. Яны прыцягнулі ў той ці іншай ступені свайго гледача. Найбольш відовішчнымі і багатымі на эмоцыі, на мой погляд, сталі футбольныя паядынкі. Каманда нашага раёна таксама выходзіла на пляцоўку. І рабіла гэта ў асноўным з пераможным лікам. Тым не менш знайшліся аматары спорту, якія не здолелі перамагчы нашых футбалістаў у паядынку, але вырашылі “шукаць шчасця”, грэбуючы такімі паняццямі, як гонар і спартыўная этыка, і гэтая каманда даволі прафесійна гуляе ў футбол, перамагае нават на рэспубліканскім узроўні. Але перажыць пройгрыш ад каманды з маленькага райцэнтра – задача для іх аказалася з няпростых. Звярнуўшыся да судзейства спартакіяды, яны дабіліся таго, што нашых футбалістаў пазбавілі ўсіх перамог, балаў і забаранілі далей удзельнічаць у спартакіядзе. А “команда-ябеда”, дзякуючы гэтаму, здолела далей змагацца за першае месца. Зноў-такі апярэджваючы ход падзей, адзначу, што ёй і такі варыянт поспеху не прынёс: каманда стала толькі трэцяй. А вось аўтарытэт сярод калег-удзельнікаў крыху страціла. 

Але гэта толькі лыжка дзёгцю ў вялізнай бочцы мёду. У астатнім падчас спартакіяды панаваў дух сяброўства, здаровай канкурэнцыі. Кожнае выпрабаванне аграрыі праходзілі з гонарам. А напрыканцы дня першага на базе палатачнага гарадка праходзілі дэгустацыя страў, прыгатаваных камандамі, і конкурс мастацкай самадзейнасці. 

Кваліфікаванае журы зняла пробу “далікатэсаў”  большасці каманд. А мікрафон, які “запрасіў” удзельнікаў праявіць свае творчыя здольнасці, “выявіў” нямала таленавітых аграпрамыславікоў. І конкурс паступова перайшоў у сумесную дыскаакцыю. Танчылі, спявалі, бавілі час актыўна і цікава. Дый і надвор’е стала саюзнікам на гэтым этапе спартакіяды: спякоты і дажджу не было. 

Другі дзень распачаўся таксама актыўна. Легкаатлетычныя эстафеты, гульні ў футбол уплывалі на агульныя вынікі каманд. Таму ўвагу і значнасць іх разумелі ўсе. Як ужо казаў вышэй, нашыя футбалісты на поле не выходзілі. Таму балелі мы за калег. 

Бегавыя дарожкі выявілі самых спрытных. Матэрыял для агульнага падвядзення вынікаў суддзям быў, заставалася толькі чакаць. 

Кіраўнікі ўпраўленняў райселгасхарчаў, прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу вобласці таксама завіталі на Слаўгарадчыну, каб падтрымаць свае каманды. Для намеснікаў старшынь райвыканкамаў была арганізавана аглядная экскурсія па знакамітых мясцінах раёна. Спачатку госці наведалі аграгарадок Лясная. Там пабывалі ў сырнай лаўцы. Пачаставаліся вырабамі сыраробаў, набылі іх сабе. Мясцовы музей таксама запрасіў паважаных гасцей. Для іх была арганізавана тэатралізаваная пастаноўка з Паўночнай вайны. Пра гэтую падзею сусветнага значэння госці таксама даведаліся шмат новага і цікавага. Храм-помнік, вядомая справа, таксама наведалі госці раёна. Цікавай стала і гісторыя помніка “Арол”. Далей дэлегацыя накіравалася да брацкай магілы, што ў гарадскім парку.  Да помніка былі ўскладзены кветкі, хвілінай маўчання былі ўшанаваныя героі той кровапралітнай вайны. 

Замкавая гара пашырыла кругагляд нашых гасцей. Тут для іх таксама быў прадэманстраваны ўрывак з гістарычнага візіту ў наш край Кацярыны Вялікай. А эстэтычнае афармленне пляцоўкі Замкавай гары вельмі ўразіла гасцей. 

“Блакітная крыніца” стала заключным аб’ектам у маршруце гасцей. 

Далей усіх сабраў гарадскі стадыён, дзе старшыня аргкамітэта спартакіяды Віктар Гейдаль вітаў яе ўдзельнікаў, балельшчыкаў, валанцёраў. 

“Мяркую, што запланаванае, дзякуючы ўсім нам, удалося здзейсніць. Каманды здолелі праявіць характар, трэнерскія кадры, суддзі таксама даказалі, што і аграпрамысловы комплекс вобласці багаты на спартыўных адораных работнікаў. Гасцінная Слаўгарадчына, яе людзі ў чарговы раз сталі на гэтыя два дні для кожнага з нас новым домам і сям’ёй, цеплыня і ўтульнасць у якіх не мае межаў”, — рэзюмаваў старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. 

Шмат слоў гучала ў той дзень. І ўсе яны былі галоўным чынам сканцэнтраваны на адным: фізічная культура, спорт аб’ядноўваюць усіх, робяць наша жыццё больш яркім, паўнацэнным. 

Цырымонія ўзнагароджвання працягвалася даволі доўга. А гэта сведчыць аб тым, што кожны, хто праявіў сябе, быў адзначаны. 

П’едэстал займалі члены практычна кожнай каманды. Па тых ці іншых відах медалі, дыпломы, падарункі, здавалася, не маюць канца. Але галоўны вынік, агульнакамандны, стаў такім: “бронза” – у гаспадароў спартакіяды, на другім месцы размясцілася каманда з Кіраўска. Перамога ў сёлетняй спартакіядзе дасталася камандзе Магілёўскага раёна. 

Шмат было сказана і ў адрас арганізатараў спартакіяды: усё было на высокім узроўні. А дзеля гэтага, прызнаюся, было задзейнічана шмат раённых службаў, людзей, якія таксама пачулі ў свой адрас удзячныя словы. 

Заключным акордам стала перадача сімвалічнага агню спартакіяды наступным яе гаспадарам: аграрыі збяруцца на спартакіяду ў Магілёве. 

Закрыццё спартыўнага свята было таксама яркім: песні, харэаграфічныя нумары радавалі і вока, і слых. А каманды-ўдзельніцы збіраліся дамоў, каб у наступны раз зноў сабрацца і змагацца за перамогу. Не забываючы пры гэтым пра простую чалавечую мудрасць: пры любым раскладзе трэба заставацца людзьмі. А свята падарыла ягоным удзельнікам незабыўныя дзянькі на нашай гасціннай Слаўгарадчыне, якая заўсёды радая гасцям, сябрам, суседзям. 

Тэкст і фота Уладзіміра РЫЖАНКОВА. 

Поделиться