У нядзелю ў рамках Дня моладзі прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта  “Уладар сяла” сярод маладых сем’яў. Конкурс ладзіўся на адкрытай пляцоўцы каля Новаслабодскай сельскай бібліятэкі. Таму асноўнымі балельшчыкамі сем’яў­канкурсантаў сталі мясцовыя жыхары, якія падбадзёрвалі апладысментамі і воклічамі “Малайцы!”

У той дзень за ганаровае званне вызвалася змагацца шматдзетная сям’я Крісанавых Наталлі і Івана з аграгарадка Гіжэнка, якая выхоўвае чацвёра дзетак: Вераніку, Арцёма, Сафію і Аліну. А вось другая сям’я была з немалым стажам –Янчанкі Міхаіл Іванавіч і Рыма Рыгораўна з Новай Слабады адзначылі рубінавае вяселле – 40 гадоў сумеснага жыцця. І зразумела, маладым яны не былі канкурэнтамі, хутчэй дарадцамі і станоўчым прыкладам таго, як захоўваць і ўмацоўваць свой шлюб, не страціць з гадамі згоду, узаемапавагу і інтарэс да сваёй паловы.

На свята былі запрошаны шаноўныя госці, якія выконвалі і функцыі журы:

старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Купрыянцава і галоўны спецыяліст аддзела Вікторыя Цвярдова.

Вядучая мерапрыемства, першы сакратар райкама “БРСМ” Вікторыя Гарадзецкая прапанавала сем’ям прайсці некалькі конкурсных іспытаў. У творчым заданні “Вітаем па-беларуску” Крісанавы прадставілі сваю сямейную візітоўку і расказалі аб захапленнях і інтарэсах кожнага члена вялікай сям’і, каштоўнасцях і традыцыях.

Не сакрэт, каб жыць заможна і ў дастатку, трэба шмат працаваць. Крісанавы загартаваныя працай, сваім прыкладам прывучаюць да яе і дзетак. І ўпэўнены што іх дружнай сям’і любая праца па плячы.  Даказалі гэта і на справе, калі муж з жонкай адправіліся па дровы, а потым зладжана і хутка іх распілавалі, пакалолі і склалі, на выдатна выканаўшы ўмовы другога конкурсу. Сваё майстэрства ў гэтым іспыце прадэманстравалі і супругі Янчанкі.

Наступнае заданне стала для Івана Крісанава нечаканым, а вось для Міхаіла Янчанкі прышыць гузік аказалася справай звычайнай. Як ён прызнаўся, навучыўся гэта рабіць яшчэ ў першым класе, калі наведваў урокі працы.

Кожная жанчына проста абавязаная быць добрай гаспадыняй у доме, тады ў яе і дзеці дагледжаныя, і муж пасля работы хутчэй спяшаецца дадому, бо ведае, што яго цёпла сустрэнуць і смачна пакормяць. Тое, якая Наталля Крісанава адмысловая гаспадыня, прысутныя ацанілі на справе, паспытаўшы стравы, якія жанчына прыгатавала сваімі рукамі і частавала ўсіх. І члены журы, і малыя, і старыя смакавалі сялянскія прысмакі – пончыкі, піцу, халаднік, дранікі, піражкі з рознай начынкай, блінцы і не пераставалі нахвальваць Наталлю.

Завяршылася свята музычнымі кампазіцыямі, якія на выбар выканалі ўдзельнікі конкурсу. А гледачы і балельшчыкі падтрымлівалі сем’і, спяваючы з імі ва ўнісон.

На працягу ўсяго мерапрыемства атмасферу настраёвасці і святочнасці падтрымлівалі юныя таленты. Пацешныя песні, танцы, вершы маленькіх артыстаў гледачы суправаджалі двайной порцыяй апладысментаў.

Узнагароды за ўдзел атрымалі абедзве сям’і. А вось “Уладаром сяла” стала сямейства Крісанавых. У хуткім часе яны будуць прадстаўляць Слаўгарадчыну на абласным этапе праекта.

Святлана Язерская падзякавала сем’і за ўдзел, актыўную жыццёвую пазіцыю, за тое, што берагуць сямейныя каштоўнасці і адзін аднаго, гадуюць у любові і ласцы дзяцей і самі мацуюць свой дабрабыт і дабрабыт сваёй малой радзімы, сваёй краіны.

У другой палове дня ў рамках акцыі “Летні патруль” прайшло прафілактычнае мерапрыемства пад дэвізам: “Моладзь – за бяспечнае лета”. На пляцоўцы каля кінатэатра “Радзіма” супрацоўнікі аддзялення ДАІ і работнікі РАНС прадэманстравалі прысутным спецтранспарт, дзеці змаглі нават пасядзець за рулём і прадставіць сябе дзяржаўтаінспектарам альбо ратавальнікам. Танцавальны калектыў цэнтра дзіцячай творчасці выканаў танец і запрасіў усіх паўдзельнічаць у флэшмобе за бяспечны рух.

Тэкст і фота Святланы БЯЛЯЕВАЙ.

Поделиться