НА ПАЛЕТКАХ РАЁНА СПЯКОТНА!

 

Размаўляючы з ветэранамі сельскагаспадарчай галіны, даведваюся, што такога года, які мы пражываем зараз, яны не памятаюць. А дакладней яны не бачылі такога нестабільнага надвор’я, анамальна нізкіх і высокіх тэмператур, засухі і праліўных дажджоў. Насамрэч мы назіраем беспрэцэдэнтную сітуацыю, у якой аграрыі раёна павінны вырасціць і сабраць хлеб, нарыхтаваць кармы для жывёлы на зімнестойлавы перыяд. 

“На маёй памяці такіх выпрабаванняў не было. Так ці інакш мы планавалі і ўраджайнасць, і валавыя намалоты. Зараз жа разумеем, што намаганні не прынясуць той аддачы, якая б кампенсавала іх”, — прызнаецца першы намеснік старшыні райвыканкама Ларыса Пасяленцава падчас нашай рабочай паездкі на палеткі гаспадарак раёна. 

“Тым не менш, работы на палях не спыняюцца. Зараз поўным ходам ідзе корманарыхтоўка па прагрэсіўных тэхналогіях. Канюшына другога ўкосу ўжо назапашваецца ў некаторых акцыянерных таварыствах. У раёне створаны два мехатрады, якія дапамагаюць гаспадаркам. 

Да таго ж вядзецца ўзворванне, сяўба адналетніх культур з тым, каб назапасіць кармоў у патрэбных аб’ёмах. Засуха значна парушыла нашы планы па корманарыхтоўцы. Таму зараз робім усё, каб пазбегнуць дэфіцыту кармоў. Рыхтуюцца плошчы пад сеў азімых сурэпкі і рапсу. У хуткім часе пры пагодлівых умовах пачнём уборку зерневых. Пакуль толькі некаторыя гаспадаркі гэты від работ распачалі. Але зноў-такі дажджы не дазволілі займацца жнівом”. 

Як заверыла Ларыса Міхайлаўна, у раёне ідзе поўны комплекс сельгасработ. Яно і зразумела: лета перайшло свой экватар. Хутка прыйдзе восень. А ўжо яна праверыць, якія мы гаспадары.  

Уладзімір РЫЖАНКОЎ. 

Фота аўтара.