Падтрымаем землякоў!

 

Напэўна, слаўгарадчане памятаюць і ведаюць эксцэнтрычны і самабытны гурт “Хуткі смоўж”. У сярэдзіне двухтысячных іх імя было сінонімам слоў маладыя і таленавітыя.  Адзін за адным ім скараліся розныя фестывалі і конкурсы – гурт атрымаў перамогу на пятым фестывалі беларускай музыкі “Амбасовішча”, а таксама стаў лаўрэатам конкурсу ВІА памяці Уладзіміра Мулявіна ў  рамках фестываля “Залаты Шлягер”. “Хуткі смоўж” бесперапынна развіваўся. Быў запісаны альбом  “Вясковы”.

Удзельнікі гурта  характарызуюць сваю музыку як аптымістычную і завадную .

 Дарэчы, пра малую радзіму выканаўцы ніколі не забываліся: на кожным канцэрце “смаўжы” пазiцыянуюць  сябе i ўдакладняюць, што гурт іх менавіта са Слаўгарада, старажытнага Прапойска.

 Песні іх прасякнуты любоўю да кожнай мясціны роднай зямлі. Гэта ж любоў вельмі дапамагала, калі “Хуткі смоўж”  вандраваў з гастрольнымі турамі па  Венгрыі, Літве, Польшчы, Славакіі, Расіі і іншых краінах  далёкага і блізкага замежжа.

Апошнім часам  дзейнасць гурта крыху заціхла: не было чуваць вясёлай і каларытнай, пазітыўнай і завадной музыкі. Але зусім нядаўна “Хуткі смоўж” атрымаў другое жыццё. Знаёмыя і любімыя песні загучалі па-новаму. Сённяшні склад гурта: Сяргей Лукашэнка – вакал, бас-гітара, аўтар тэкстаў; Віталь Свірыд – гітара, бэк-вакал; Яўген Кохан – ударныя, перкусія; Вольга Кунцэвіч (Уласенка) – акардэон; Аляксей Звягаў – першая труба; Павел Гапееў – другая труба; Ілля Савіцкі – трамбон.

У дадзены момант музыкi працуюць над новым альбомам. А 7 верасня ў  горадзе Ліда пройдзе знакаміты фестываль “Lidbeer-2019”. Але, каб узяць там удзел, гурту трэба перамагчы ў глядацкім галасаванні. Адбываецца яно на афіцыйным iнтэрнет-сайце фестывалю. Давайце разам падтрымаем  нашых таленавітых землякоў, што адметнай і якаснай музыкай праслаўляюць родны горад. Тым больш, што галасаванне абсалютна бясплатнае (вы можаце прагаласаваць чатыры разы).  Калі хочаце зноў пачуць любімыя песні “Хуткага смаўжа”, пераходзьце па спасылцы https://voting/lidbeer.by/bands, галасуйце і, канешне, прыязджайце 7 верасня ў Ліду.

Кожны голас, якi вы праз галасаванне  аддасце нашым землякам, наблiзiць iх да ўдзелу  ў фестывалi.

 Гурт “Хуткі смоўж” жыве і рыхтуе для сваіх слухачоў шмат цікавага і вясёлага. Калі вы жадаеце сачыць за творчасцю “Хуткіх”, падпісвайцеся на іх на старонцы “УКантакце “ vk.com/chutkismouz

Алёна КУХАРАВА.