Поўным ходам на Слаўгарадчыне ідзе жніво. Усе гаспадаркі вывелі на палеткі тэхніку. Надвор’е па-ранейшаму дэманструе свой, мякка кажучы, капрызны характар, змяняючы спякоту праліўнымі дажджамі. А вось апошнія і нясуць галоўную пагрозу аператыўнасці збожжаўборачнай кампаніі.

Як паведаміў старшыня райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі падчас аб’езду палеткаў раёна, работы на жніве, якаснае захаванне і складзіраванне ўраджаю на сёння – прыярытэт для аграрыяў Слаўгарадчыны. “На сёння раён выканаў каля 20 % ад дзяржзаказу па зерневым.

Мэтанакіравана гаспадаркі выкарыстоўваюць усе рэсурсы, каб кожнае зярнятка было сабрана і захавана. Улічваючы, што дажджы так ці інакш уносяць свае карэктывы, мы павінны сабраць хлеб у адведзены для гэтага тэрмін”, – падкрэсліў кіраўнік раёна.

Год бягучы  паставіў перад хлебаробамі краіны няпростую задачу: захаваць харчовую бяспеку, нягледзячы на прыродныя анамаліі. Як заявіў беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да хлебаробаў, ход жніва, яго выніковасць – задача нумар адзін. “План павінен быць выкананы жалезабетонна”, — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Мяркую, кожны, хто так ці інакш звязаны з аграпрамысловым комплексам, разумее, што сёння, падчас уборачнай прыпары, настаў час праявіць увесь свой патэнцыял, каб быць з хлебам.

Дапамагай вам бог, паважаныя хлебаробы!

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться