Напярэдадні Мядовага Спасу ля Блакітнай Крыніцы праходзіў эка-этна фестываль “Песні пра крыніцы”. Музычны марафон збірае аматараў народнай творчасці ўжо другі раз, а ладзіцца ён у рамках рэалізацыі праекта “МОСТ як пілотная эка-бізнес-мадэль для мясцовага і рэгіянальнага эканамічнага росту”, які фінансуецца ЕС. Вітала ўдзельнікаў фестывалю намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова: “Гэта ўнікальны праект, які накіраваны на захаванне культурнай спадчыны нашага раёна і ўмацаванне сувязяў паміж Слаўгарадчынай і расійскімі рэгіёнамі, абласцямі Беларусі. Жадаю ўсім выступоўцам новых творчых адкрыццяў і поспехаў на сцэне. А гасцям свята – незабыўных уражанняў і пазітыўнага настрою”.

Удзельнікамі фестывалю сталі творчыя калектывы ўстаноў культуры раёна, дзіцячай школы мастацтваў кожны з якіх прэзентаваў на суд гледачоў свой міні-канцэрт. Прафесійныя і самадзейныя артысты паказалі свае лепшыя нумары, якія аб’ядноўвала адна тэма – лірычнае ўсхваленне крыніц. Выдатныя вырабы прапаноўвалі рамеснікі.

Напрыканцы фестывалю Алена Шаўцова павіншавала ўсіх удзельнікаў з удалымі выступленнямі, пажадала далейшых творчых поспехаў і ўручыла калектывам і салістам дыпломы за актыўны ўдзел у песенным форуме.

Тэкст і фота Аксаны НЯМЦОВАЙ.

Поделиться