А ВОЧЫ – ПОЎНЫЯ ШЧАСЦЯ!

Доўгажыхары, людзі слаўныя працай, шматдзетныя сем’і. Менавіта іх шанавалі падчас правядзення традыцыйных святаў вёсак.

У мінулую нядзелю аграгарадкі Лясная і Свенск сабралі сваіх жыхароў, гасцей з суседніх вёсак на мерапрыемства, арганізаванае менавіта для сялян.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская горача вітала жыхароў аграгарадкоў. Яна адзначала, якую важную ролю адыгрывае вёска для нашай краіны, якую ў поўнай меры стратэгічную задачу выконваюць людзі, занятыя ў сельскай гаспадарцы. Святлана Аляксандраўна таксама ўзначальвае і раённую арганізацыю “Белая Русь”, ад імя якой кіраўнік райсавета і ўручала падарункі з нагоды свята заслужаным людзям. Сярод іх быў і ветэран Вялікай Айчыннай Рыгор Берднікаў. Сын якога, дарэчы, быў запрошаны да мікрафона. “Я жыву за 9 тысяч кіламетраў ад гэтага месца, маёй маленькай радзімы. Але не было ні дня, каб я не думаў пра свайго бацьку, маіх сяброў дзяцінства, суседзяў. Добразычлівей і гасцінней за беларусаў я не сустракаў. Хоць па жыцці пабачыў нямала, сустракаў людзей розных. Хачу выказаць словы ўдзячнасці і раённай уладзе, і людзям, якія такім пільным чынам даглядаюць воінскія пахаванні, помнікі. Гэта заслугоўвае вялікай павагі і ўдзячнасці. Я прыязджаю ў Свенск штогод. У наступным годзе майму бацьку споўніцца 95 гадоў. Дасць Бог, мы зноў сустрэнемся і адзначым юбілей гэтага паважанага чалавека”, – рэзюмаваў палкоўнік запасу сын Рыгора Фёдаравіча Берднікава.

Вядучыя выклікалі да мікрафона і тых, хто працай гартаваў дабрабыт раёна, краіны. Гэта былі і ёсць людзі з сівымі валасамі, натруджанымі рукамі, вачамі, якія пабачылі на сваім вяку і гора, і пакуты, і працу без перапынку. І ім у той дзень гучалі апладысменты, дарылі кветкі, падарункі, уручалі ўзнагароды.

А вясёлыя і не толькі песні ўздымалі настрой, прымушалі і задумацца, часам вярталі ў маладосць Багата прыбраныя смакатой сталы дэманстравалі, якія кулінары жывуць у Свенску, Лясной. Выстава майстроў таксама вабіла вока. А  багаты выбар агародніны, садавіны жыхароў аграгарадкоў таксама здзіўляў.

Святы занялі амаль усю нядзелю. Але ніхто не стаміўся, бо было шумна, цікава, карысна. Апошняму таксама надавалася ўвага. Было цікава даведацца пра гістарычныя вехі населеных пунктаў. Вялікія пакуты яны пераносілі ў розныя часы. Але выжылі, адбудаваліся і сёння дыхаюць поўнай груддзю.

Няхай шчасціць усім і кожнаму, хто абраў для сябе месцам жыхарства вёску. А такія святочныя мерапрыемствы будуць для вас яшчэ адной нагодай сабрацца разам і пабачыць вочы адзін аднаго. І абавязкова ў гэтых вачах будуць гарэць агеньчыкі шчырасці, добрасумленнасці і шчасця.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.