ПРА НАДЗЁННАЕ І ЗЛАБАДЗЁННАЕ

У рамках Адзінага дня інфармавання, які праходзіў у раёне 19 верасня, у кінатэатры “Радзіма” адбылася сустрэча кіраўніка раёна Сяргея Міхалюты з ягоным актывам. Прымалі ўдзел у рабоце таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Кананчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская, начальнік Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці Алена Марозава.

Асноўным пытаннем быў перапіс насельніцтва нашай краіны, які пройдзе ў пачатку кастрычніка бягучага года. Алена Анатольеўна падрабязна спынілася на асаблівасцях гэтай кампаніі, адзначыла, што яна будзе самай інавацыйнай з раней праводзімых. Яна літаральна па кроках патлумачыла, як будзе праходзіць працэдура пераліку насельніцтва, адзначыла, у чым неабходнасць гэтай падзеі, давяла, якія задачы ставіць яна. На слайдах быў прадэманстраваны ўвесь алгарытм дзеяння рэспандэнтаў. Былі агучаны моманты, якія выклікалі заклапочанасць падчас правядзення перапісу ў годзе мінулым. Па ўсяму было бачна, што аўдыторыі было цікава і карысна выступленне кіраўніка статыстычнага ўпраўлення.

Не меншую ўвагу аўдыторыі захапіў і наступны аратар. Таццяна Пятроўна вяла размову пра галоўную электаральную падзею года – выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання і членаў Савета Рэспублікі. Адзначыла выступоўца, што падыходзіць да заканчэння і яе дэпутацкая дзейнасць. «Два скліканні мне было даверана прадстаўляць інтарэсы нашай выбарчай акругі ў ніжняй палаце парламента. Я рада, што мне давялося быць карыснай нашым людзям, краіне. Я ўдзячная за давер выбаршчыкаў і спадзяюся, што дапамагла чым магла тым, хто ў гэтым меў патрэбу. Вялікі дзякуй усім, я перакананая, што мы застанемся з кожным з вас добрымі знаёмымі і надалей», – адзначыла Таццяна Кананчук напрыканцы свайго выступлення.

Намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Аляксандр Краснабаеў распавёў пра жыллёва-камунальныя паслугі, якія аказваюцца насельніцтву раёна. Асабліва спецыяліст закрануў тэму лазні. Аўдыторыі было цікава даведацца пра некаторыя статыстычныя вытрымкі з шэрагу лазневых паслуг.

Тэме пажараў і гібелі людзей ад іх была нададзена ўвага ў выступленні начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Віктара Галіцкага. Ён агучыў трагічныя лічбы ахвяр ад пажараў, распавёў, па якіх прычынах яны часцей за ўсё здараюцца. “У пераважнай большасці пажары ўзнікаюць з “удзелам” алкаголю. Людзі, якія не могуць кантраляваць яго ўжыванне, абмяжаваць сябе ўвогуле, не павінны брацца за чарку. У агні і дыме гінуць блізкія, дзеці. Што яшчэ патрэбна здарыцца, каб у грамадстве змянілася свядомасць?” – прагучала рытарычнае пытанне з вуснаў галоўнага выратавальніка-пажарнага раёна. Адзначыў ён і факты, калі надзвычайную сітуацыю з пажарам удавалася ліквідаваць на ранніх стадыях, дзякуючы наяўнасці спраўных аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. “Каштуюць гэтыя прыборы нядорага, а вось карысці здольны прынесці куды больш”, – рэзюмаваў сваё выступленне Віктар Уладзіміравіч.Тэкст і фота Уладзіміра ВАСІЛЬЕВА