Як знак глыбокай павагі і ўдзячнасці хлебаробам і тым, хто прысвяціў сваё жыццё аграрнай галіне, у мінулую пятніцу адбылося абласное свята “Дажынкі” ў Магілёве. Дэлегацыя Слаўгарадскага раёна, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама Сяргей Міхалюта, таксама прыняла ўдзел у гэтым фестывалі-ярмарцы працаўнікоў вёскі.

Асноўныя мерапрыемствы свята адбыліся ў Палацы культуры вобласці. Сярод перадавікоў аграпрамысловага комплекса вобласці, якіх узнагародзіў першы намеснік старшыні аблвыканкама Васіль Акуліч, былі і нашы землякі. Ганаровую грамату Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны атрымаў трактарыст-машыніст ААТ “Урэчанскі” Віктар Саплёў. А трактарыст-машыніст ААТ “Прывольны агра” Сяргей Федаровіч ад аблвыканкама атрымаў Падзяку. Таксама Падзякай, але ўжо ад Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, з рук намесніка Міністра Уладзіміра Гракуна быў узнагароджаны трактарыст-машыніст ААТ “Слаўгарадрайаграпрамтэхніка” Васіль Лаковіч. У працяг урачыстай цырымоніі Уладзімір Уладзіміравіч узнагародзіў юбілейным медалём “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі” кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў вобласці і працаўнікоў, якія шмат год аддалі працы на зямлі. У ліку гэтых шаноўных людзей – галоўны аграном ААТ “Ляснянскі Агра” Валянціна Чупрыкава і дырэктар ААТ “Прывольны агра” Таццяна Кухарава.

Трэба адзначыць, што Таццяна Рыгораўна ў той дзень таксама атрымала ад кіраўніцтва холдынгу “Бабруйскаграмаш” сертыфікат на кормараздатчык РСК-12-2, які дазволіць удасканаліць сельгасвытворчасць у таварыстве.

А на адкрытай тэрыторыі ля Палаца разгарнуліся тэматычныя пляцоўкі, выстава-кірмаш народнай творчасці “Дажыначны кірмаш”, аб’екты гандлю і харчавання, выставы-продажы вырабаў устаноў адукацыі і сацыяльнай абароны. Трэба заўважыць, што прэзентацыя сувеніраў  Слаўгарадскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва карысталася попытам не горш іншых. Цікавасць наведвальнікаў свята выклікалі выстава сельскагаспадарчай тэхнікі, забаўляльна-адукацыйная пляцоўка абласнога ўпраўлення МНС. А дзеля падтрымання весялосці і святочнага настрою на адкрытай пляцоўцы без перапынку выступалі творчыя калектывы Магілёўшчыны. Традыцыйна кожны раён падрыхтаваў свой імправізаваны падворак, на якім былі прадстаўлены лепшыя здабыткі і дасягненні, а таксама прадукцыя сельскагаспадарчай вытворчасці і прадпрыемстваў рэгіёнаў, вырабы таленавітых майстроў і адмысловыя кампазіцыі. Адметнасцю слаўгарадскай пляцоўкі стала прэзентацыя хлебабулачных вырабаў, прадукцыі мясцовых сыравараў і вырабаў рамеснікаў, былі прадстаўлены і напрацоўкі ў сферы турызму. Таксама актыўны ўдзел у абласных дажынках прынялі спецыялісты клубнай сістэмы раёна і ўстаноў культуры.

Падчас святочнага адкрыцця фестывалю-кірмашу з удзелам ганаровых гасцей адбыўся таксама парад афіцыйных дэлегацый раёнаў, які ўрачыстым шэсцем прадставілі свае рэгіёны. Апагеем свята стала падвядзенне вынікаў абласнога спаборніцтва і ўзнагароджанне перадавікоў уборачнай кампаніі-2019. Губернатар вобласці Леанід Заяц адзначыў: нягледзячы на тое, што мінулагоднія вынікі ўдалося перасягнуць, аднак яны засталіся даволі сціплымі. Сёлетняя кампанія была цяжкай для хлебаробаў усёй краіны, і ўсе, хто ў ёй удзельнічаў, вартыя самай шчырай падзякі. Аднак, як запэўніў Леанід Канстанцінавіч, будзе праведзена вялікая праца, каб у наступным годзе палепшыць паказчыкі па ўсім накірункам сельскай гаспадаркі.

Лепшыя творчыя калектывы вобласці падрыхтавалі для ўдзельнікаў “Дажынак-2019” святочны канцэрт “Слава і гонар зямлі Магілёўскай”, які стаў прыгожым падарункам людзям адмысловай працы і самаадданай любові да роднай зямлі.

Тэкст і фота Аксаны НЯМЦОВАЙ.

Поделиться