Мінула шэсць гадоў з таго часу, як наш раённы музей адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. На пасаду дырэктара музея  быў прызначаны Сяргей Бітчанка. Ён прымаў першы штат: галоўнага захавальніка фондаў – Марыну Пагодзіну, навуковых супрацоўнікаў – Веру Стасенка і Андрэя Кавалёва. Праз некаторы час Веры Сяргееўне было даручана сумяшчаць адначасова пасаду дырэктара і навуковую працу.

“Прыйшлося пачынаць амаль з нуля, – успамінае Вера Сяргееўна, – бо акрамя 3-х заяў аб прыняцці людзей на працу ніводнага дакумента не было. Прыйшлося закасаць рукавы і наводзіць парадкі пасля будаўнічых работ: здымаць плёнку на вокнах, чысціць шкло ад цэменту і шпаклёўкі, рамантаваць дзверы, выпраўляць жалюзі і г. д. Акрамя таго неабходна было праводзіць экспедыцыі па папаўненню музея экспанатамі згодна з мастацкім планам і навукова-тэхналагічнай Канцэпцыяй, якія распрацаваны УК “Дзяржаўны абласны Магілёўскі гісторыка-краязнаўчы музей ім. Е.Р. Раманава”, што зацверджаныя Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Быць першым заўсёды пачэсна і ў той жа час вельмі складана, – працягвае распавядаць Вера Сяргееўна. – За першыя два гады музей не толькі попоўніўся амаль 600-мі прадметамі галоўнага фонду, але былі адкрыты дзве экспазіцыйныя залы: “Выставачная” і “Усталяванне савецкай улады ў Прапойскай воласці. Край у 20-30-я гады ХХ стагоддзя. Раён у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Таксама сумесна з мастацкай майстэрняй “Сяднёў” з г. Магілёва былі падрыхтаваныя чатыры будучыя экспазіцыйныя залы – подыумы, інтэрьер беларускай хаты. У гэты перыяд пачынаецца актыўная дзейнасць па папулярызацыі раённага музея сярод насельніцтва. Праводзяцца выставы, музейна-педагагічныя заняткі, экскурсіі. Акрамя таго супрацоўнікі музея актыўна ўдзельнічаюць у праектнай дзейнасці – былі падрыхтаваны тры ідэі-прапановы па ўдасканаленню працы музея”.

З 2016 года музей узначальвае Святлана Мельянцова, якая працягвае паляпшаць экспазіцыйную і гаспадарчую дзейнасць. На сённяшні дзень асноўны фонд музея павялічыўся амаль у 2,5 разы. Наладжаны сувязі з іншымі музеямі вобласці, удасканальваецца экскурсійная дзейнасць, пашыраецца колькасць культурна-адукацыйных паслуг, адкрываюцца новыя аб’екты турыстычнай накіраванасці па-за музеем, напрыклад “Мемарыяльны комплекс 1941-1943 гадоў каля вёскі Рабавічы”, і інш.

За апошнія гады ў музеі адкрыты часовыя экспазіцыі: “Жаночы і мужчынскі рыштунак першай паловы ХХ стагоддзя”,  “Кватэра 60-80-х гадоў ХХ стагоддзя”, “Куток малой радзімы”, “Эхо Афганских гор”, а ў лютым бягучага года адкрыта для наведвальнікаў новая экспазіцыйная зала “Археалогія і прырода”. 

Вялікую дапамогу і падтрымку музею аказваюць мясцовыя жыхары і кіраўніцтва раёна,  грамадскія арганізацыі: “Белая Русь”, “Фонд міру”, савет ветэранаў і іншыя. Адміністрацыя і работнікі раённага гісторыка-краязнаўчага музея шчыра ўдзячныя ўсім, хто з павагай і жаданнем спрыяе захаванню гістарычнай памяці Слаўгарадчыны для нашчадкаў.

Хочацца павіншаваць калектыў музея, яго наведвальнікаў з днём стварэння. Зычым вам даўгалецця, багатых экспазіцый, удзячных прыхільнікаў. А да жыхароў і гасцей раёна хочацца звярнуцца з просьбай – давайце разам дапаможам музею папоўніць ягоныя  фонды цікавымі і рэдкімі экспанатамі. Дзе як не тут яны захаваюцца лепш і будуць радаваць наша вока многія гады.

Уладзімір ВАСІЛЬЕЎ.

Фота Аксаны НЯМЦОВАЙ.

Поделиться