3 ліпеня ў нашай рэспубліцы адзначаецца адно з галоўных святаў — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі). Адзначаецца яно ў дзень вызвалення г. Мінска ад нацысцкіх захопнікаў.
Рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня было прынята на рэферэндуме ў 1996 годзе. Аб гэтым напярэдадні свята ішла размова з наведвальнікамі аздараўленчага лагера “Сонейка” на базе Лапаціцкай сярэдняй школы. З дзецьмі былі праведзены: акцыя “Спяём гімн разам”, вусны часопіс “Слаўны горад Слаўгарад”, віктарына “Беларусь мая сінявокая”, музыкальная гадзіна “Вянок беларускіх песень”. Выхаванцы даведаліся, што менавіта ў гэты дзень 76 гадоў таму наша Бацькаўшчына свабодна ўздыхнула ад трохгадовага насілля і варварства. А пасля рэферэндуму 1996 года, у выніку народнага волевыяўлення, гэты дзень набыў новы статус. У ім — гонар за краіну, шанаванне яе гісторыі, бязмежная любоў да роднай зямлі, гатоўнасць аберагаць і ахоўваць яе, множыць яе багацце і дабрабыт людзей, імкненне зрабіць Беларусь яшчэ больш моцнай і прыгожай.
2 ліпеня настаўнікі школы, калектыў і выхаванцы Лапаціцкага дзіцячага садка, работнікі аддзела культуры і бібліятэкі на чале са старшынёй Лапаціцкага сельскага Савета Сяргеем Антошкіным усклалі кветкі да помніка воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сяргей Юр’евіч нагадаў, што нам, сучаснаму пакаленню, выпала вялікае шчасце — жыць і працаваць у незалежнай дзяржаве. Нізкі паклон за гэта франтавікам, партызанам, працаўнікам тылу, усім тым, хто адстаяў свабоду і незалежнасць роднага краю, хто ў пасляваенны час з руін і попелу адрадзіў нашу родную Беларусь.
Сёння ўсе мы нясём адказнасць за будучае нашай дзяржавы. Наш абавязак — захаваць памяць аб тых трагічных і пераможных днях, любіць Бацькаўшчыну і абараняць яе інтарэсы.
Жанна ШЧЭРБА,
настаўнік.