ШАНЕЦ НА ЖЫЦЦЁ, АБО “ТАТА” ДЛЯ БУСЛЯНЯЦІ

Калі ў надзвычайную сітуацыю трапляе чалавек, ён ведае, хто можа яму дапамагчы. Напрыклад, работнікі МНС,  супрацоўнікі РАУС або ён сам. А што рабіць жывёле ці птушцы? Яны аказваюцца абсалютна бездапаможнымі перад небяспекай. У такім выпадку адзіная надзея на выратаванне для іх – чалавек.

Больш за дваццаць год буслы гняздуюцца на двары Івана Мікалаевіча Кухарава, аднаго з жыхароў вёскі Прыволле. Кожны год пенсіянер назірае за птушкамі, адзначае ў спецыяльны сшытак даты прылёту і адлёту. У гэтым годзе буслы вярнуліся да Кухарава з выраю рана, у самым канцы сакавіка, а ў маі ўжо вывеліся птушаняты.

10 ліпеня здарылася нечаканае: дарослы бусел выкінуў з гнязда адно  бусляняці. Іван Мікалаевіч бачыў усё на свае вочы, гэта і выратавала птушачцы жыццё. Пенсіянер аператыўна даследаваў месца здарэння і знайшоў у траве жывое птушаня. Пазней у  спецыяльнай літаратуры ўнучкі Івана Мікалаевіча прачыталі, што буслы выкідваюць з гнязда сваіх дзяцей, калі не могуць іх пракарміць.

Вось ужо месяц бусляняці гадуе чалавек. Рэжым выконваецца дакладна. Гора-бацькі ж працягваюць расціць сваіх дзяцей у гняздзе, таму арыентавацца Івану Мікалаевічу ёсць на каго. Унучкі  арганізавалі анлайн-кансультацыю з арнітолагам, каб дакладна высветліць усе аспекты ўтрымання такога экзатычнага выхаванца. Напрыклад, высветлілася, што бацькі-буслы не прыносяць для сваіх дзетак лягушак: ужываць такую ежу можа толькі дарослая птушка. За месяц жыцця ў Івана Мікалаевіча бусляняці спажыло 260 вінаградных смаўжоў (іх пенсіянер збірае сам), кілаграм курыных сэрцаў і 5 кілаграмаў кількі.

Буслік падрастае шпарка, ягоны новы “тата” стварае для гэтага ўсе ўмовы. Іван Мікалаевіч шчыра спадзяецца, што ўсё ж зможа выправіць гадаванца ў самастойнае жыццё, тым больш што спецыялісты не выключаюць такі варыянт развіцця падзей.

Алёна КУХАРАВА.

Фота аўтара.