ПЕРАЕМНАСЦЬ ПАКАЛЕННЯЎ. ШТО МОЖА БЫЦЬ ЛЕПШ?

Уласны вопыт, падмацаваны мудрасцю старэйшых пакаленняў, – надзейны падмурак для любой справы. Тым больш, калі побач ёсць чалавек, які заўсёды дапаможа і падкажа. На такім падмурку трывала трымаецца працоўная дынастыя механізатараў – дзядуля, бацька і сын МАКАРАНКІ.

Працаваць аддана, жыць шчыра, быць лепшым – простыя ісціны, якія ў сям’і Макаранак перадаюцца ад бацькі да сына.

Калі падлічыць, колькі год сумесна працуюць у роднай гаспадарцы дзядуля, бацька і сын, атрымаецца 77 зімаў і вёснаў. Згадзіцеся, уражвае. Макаранак заслужана лічаць аднымі з лепшых механізатараў у гаспадарцы.

Старэйшы прадстаўнік роду Макаранак Мікалай Фёдаравіч – асоба выбітная. Ён  сціплы, не любіць расказваць пра свае заслугі. Маўляў, што я, людзі лепш пра мяне раскажуць. У вёсцы яго ведаюць як адказнага працаўніка, цікавага суразмоўцу і проста добрага чалавека, які да таго ж любіць чытаць кнігі.

 Нарадзіўся Мікалай Фёдаравіч у 1949 годзе, на сабе адчуў усе цяжкасці пасляваеннага дзяцінства. Скончыўшы школу, нядоўга працаваў у калгасе, бо ў хуткім часе яго прызвалі ў войска. Са службай у Мікалая Фёдаравіча звязаны адзін з самых цікавых этапаў жыцця:

– У войска я быў прызваны ў 1968 годзе. Служыць мне давялося ў групе савецкіх войск у Германіі. Ахоўваў ваенных злачынцаў, асуджаных Нюрнбергскім трыбуналам, у прыватнасці – Рудольфа Геса. А ў 1970 годзе вярнуўся дамоў, у родны калгас. З той пары і працую.

Што цікава, за доўгае працоўнае жыццё Мікалай Фёдаравіч выконваў абсалютна розныя работы. І ўсё ў яго атрымлівалася.

– Асноўнай маёй работай была сяўба. Але і касіць, і араць даводзілася. Адзінае, што не ўдалося паспрабаваць – гэта садзіць бульбу. Акучваў, але садзіць не прыйшлося, – жартуе наш суразмоўца.

Да таго ж 24 сезоны летам Мікалай Фёдаравіч працаваў камбайнерам, убіраў збожжа. Неаднаразова за сваю працу механізатар Макаранка быў адзначаны граматамі і дыпломамі.

З 2004 года Мікалай Фёдаравіч – пенсіянер. Можна было б падумаць, што зараз ён атрымлівае асалоду ад заслужанага адпачынку. Але гэта не так. Чалавек, які столькі год з дня ў дзень прачынаўся з сонцам, выходзіў на працу, проста не можа сядзець без справы. Таму Мікалай Макаранка знайшоў для сябе новае амплуа. Цяпер ён працуе вартаўніком на розных аб’ектах ААТ “Прывольны агра”, апошнія гады – начным вартаўніком на выпасной пашы. Але ж жыць без любімага трактара, без тэхнікі ён таксама не можа: ва ўласнай гаспадарцы Мікалая Фёдаравіча асаблівае месца займае “жалезны конь” – матаблок.

Застаецца дадаць, што суразмоўца наш – не толькі выдатны адказны работнік, але і  шчаслівы прадзядуля траіх праўнукаў, дзядуля шасцярых унукаў і бацька дваіх дзяцей. Пра аднаго з іх, Віктара, далей і пойдзе размова.

Натхнёны прыкладам бацькі, Віктар у 16 год падхапіў эстафету.  Вось ужо 25 год ён працуе механізатарам у ААТ “Прывольны агра”. Віктар Мікалаевіч Макаранка – адзін з лепшых і надзейных  работнікаў у гаспадарцы. На яго спадзяваюцца, і ён імкнецца гэтыя спадзяванні  апраўдваць. На першых парах яму прыходзілася выконваць работы на невялікім трактары, але ўжо зусім хутка ў гаспадарцы заўважылі яго здольнасці і патэнцыял. Калі ў СВК “Прывольны” закладвалі сад, Віктару Мікалаевічу даручылі ажыццяўляць яго тэхнічнае забеспячэнне: касіць траву, рабіць хімічную апрацоўку.

Дырэктар ААТ “Прывольны агра” Кухарава Таццяна Рыгораўна адзначае:

– Мы вельмі цэнім Віктара Мікалаевіча Макаранку як высокакваліфікаванага спецыяліста. Таму менавіта яму ў мінулым годзе мы даручылі працаваць на новым трактары МТЗ-3522, які з’яўляецца самым магутным у нашай гаспадарцы. Неаднаразова дасягненні гэтага механізатара адзначаліся на раённых і абласных мерапрыемствах. Зараз у гарачы летні сезон ён удзельнічае ў трамбоўцы сянажнай масы.

Да любой справы Віктар Мікалаевіч адносіцца па-гаспадарску: на рабоце і дома. Мае чацвёра дзяцей і ўнучку.

Самым маладым прадстаўніком працоўнай дынастыі Макаранак з’яўляецца сын Віктара Мікалаевіча, Аляксандр. У ААТ “Прывольны агра” ён прыйшоў працаваць у мінулым годзе пасля заканчэння Магілёўскага тэхналагічнага каледжа.  І ўжо паспеў паказаць сябе з найлепшага боку.

Падтрымка і ўзаемадапамога – вось сакрэт поспеху працоўнай дынастыі Макаранак. З году ў год гэтае прозвішча гучыць сярод лепшых на мерапрыемствах рознага ўзроўню. Цэняць такіх працаўнікоў і ў роднай гаспадарцы. Бо ведаюць, калі гэтыя сапраўдныя волаты бяруцца за справу, яны выканаюць яе выдатна.

Алёна КУХАРАВА.

Фота з сямейнага архіва герояў.