НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ – СВЯТА ПІСЬМЕНСТВА!

Бялынічы ў мінулыя выхадныя сталі адной вялізнай пляцоўкай, дзе аддаваліся гонар і пашана беларускай пісьменнасці. Кожны раён Магілёўшчыны  зрабіў свой уклад у гэтую імпрэзу і імкнуўся перадаць, якім шляхам развівалася культурна-асветніцкае жыццё на іхняй тэрыторыі.

Адразу некалькі пляцовак вялі сваю работу. Гучанне музыкі, тэатралізаваныя пастановы прыцягвалі ўвагу многаколькаснай аўдыторыі фестывалю.

Колькасць разнастайных майстэрань, куткоў з самабытным аўтэнтычным каларытам зашкальвала. Каб на свае вочы пабачыць, дакрануцца, пачуць ці пачаставацца, бадай, не хапіла б і некалькі дзён. Тым не менш, хацелася абсягнуць неабсяжнае кожнаму, хто ў Бялынічы завітаў на свята.

Дэлегацыя Слаўгарадчыны таксама завітала на гэтую духоўную творчую феерыю. Педагогі, людзі творчых прафесій з нашага краю прадставілі свае таленты, сваё майстэрства.

Паважаныя госці, гараджане і тыя, каму цікава тэма пісьменства нашай зямлі, наведалі кожную пляцоўку, звярнуліся да іх арганізатараў, удзельнікаў з удзячнасцю за тое, што нашыя карані, культура не забытыя, а пільным чынам гартуюцца і развіваюцца.

Падчас фестывалю прайшло ўзнагароджванне прадстаўнікоў журналісцкай нівы, блогераў. І як адзначыла адна з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Шутава, нягледзячы на глабальную лічбавасць грамадства, друкаванае слова павінна і будзе жыць і надалей у кнігах, традыцыйных друкаваных сродках масавай інфармацыі. “Але ім, мяркую, трэба будзе змяніць захады да падачы інфармацыі, улічваючы ўсе сучасныя тэндэнцыі”, – адзначыла Святлана Шутава.

Да самага вечара Бялынічы нагадвалі вялікі вулляк. Дзе руплівыя пчолы наталяліся на веды, культуру, самабытнасць беларускую.

Уладзімір ВАСІЛЬЕЎ.

Фота: аўтара, Аксаны НЯМЦОВАЙ.