ЛУКАШЭНКА ЎСТУПІЎ НА ПАСАДУ ПРЭЗІДЭНТА БЕЛАРУСІ

На цырымонію інаўгурацыі было запрошана некалькі сотняў чалавек. У іх ліку вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, дзеячы навукі, культуры і спорту.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт заступае на пасаду пасля прынясення прысягі наступнага зместу: «Заступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі».

Паклаўшы правую руку на Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка вымавіў прысягу на беларускай мове. Затым ён падпісаў акт аб прынясенні прысягі, пасля чаго старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ўручыла Аляксандру Лукашэнку пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка пачаў сваю прамову словамі, што дае клятву на вернасць Айчыне і народу з асаблівым пачуццём — «гордасці за ўсіх беларусаў, якія прайшлі выпрабаванне на трываласць сваіх перакананняў».

«Дзень уступлення на пасаду Прэзідэнта, дзень інаўгурацыі — гэта дзень нашай з вамі перамогі, пераканаўчай і лёсавызначальнай. Мы не проста выбралі Прэзідэнта краіны, мы абаранялі свае каштоўнасці, наша мірнае жыццё, наш суверэнітэт і нашу незалежнасць. І ў гэтым плане нам мае быць яшчэ нямала зрабіць», — сказаў Прэзідэнт у пачатку свайго выступлення на цырымоніі.

Па яго словах, бягучы год увойдзе ў гісторыю Беларусі як вельмі эмацыйны перыяд. «Нашай дзяржаўнасці быў кінуты беспрэцэдэнтны выклік — выклік неаднаразова адпрацаваных і безадказных тэхналогій знішчэння незалежных дзяржаў. Але мы аказаліся ў ліку вельмі нямногіх, нават, можа быць, адзіных краін, дзе каляровая рэвалюцыя не адбылася. І гэта выбар беларусаў, якія ні ў якім разе не жадаюць страціць краіну», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтыя падзеі дазволілі пераканацца ў тым, што беларусы ў абсалютнай большасці любяць сваю зямлю, жадаюць ёй міру, спакою і росквіту. «Нягледзячы на па-д’ябальску выдасканаленыя падштурхоўванні звонку, захавалі павагу адзін да аднаго», — дадаў ён.

Як адзначыў Прэзідэнт, калісьці народ Беларусі лёгка і нечакана займеў сваю незалежнасць і доўга ўспрымаў яе як дадзенасць. «Сёння, выпакутаваўшы гэту перамогу, мы падняліся на новую прыступку самаўсведамлення, астыўшы ад гарачкі электаральных баталій, убачылі, як узрастае ўся наша нацыя. І хай Беларусь па сусветных мерках зусім маладая і незалежная дзяржава. Але беларусы як нацыя ўжо не дзеці — мы народ», — працягнуў кіраўнік краіны.

«Сіла беларускай улады, залог даверу да яе — у тым, што нават у самыя складаныя часы мы не адмаўляліся ад сваёй сацыяльнай палітыкі, сацыяльна-арыентаванай дзяржавы. Падтрымка пенсіянераў, шматдзетных і іншых слаёў насельніцтва застанецца шляхам краіны і далей», — падкрэсліў Лукашэнка.

Пры гэтым ён лічыць, што важна, каб і моладзь захавала павагу да сваіх бацькоў. «У нашых дзяцей перад вачыма ёсць годны прыклад рацыянальнай мудрасці. Мы паказалі, што стварэнне новага магчыма толькі на базе таго, што дасягнулі», — звярнуў увагу кіраўнік краіны.

Ён паведаміў, што дзяржава не адступіць ад сістэмнага руху наперад і не адмовіцца ад стаўкі на навацыі. Прэзідэнт мяркуе, што «мудрыя інвестары, якія мысляць умовамі трансдынамічнай камерцыі, ацэняць дзеянні па стварэнні прывабных умоваў для бізнесу».

Па яго словах, зараз вядзецца работа над новай Канстытуцыяй, трэба стварыць умовы для развіцця партыйнай сістэмы, удасканаліць выбарчае заканадаўства, адпрацаваць пытанні рэфармавання мясцовага самакіравання. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што адзінай формулай выжывання Беларусі з’яўляецца «моцная ўлада, вернасць курсу і падтрымка людзей».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што аснова развіцця — воля народу ў сваёй краіне: «Мы самі, без знешняга ўдзелу разбяромся ў нашых праблемах, прыйдзем да згоды, забяспечым супрацоўніцтва ўсіх слаёў грамадства пры вытрымліванні законнасці і ўзаемапавагі. Як любая моцная дзяржава мы застанемся адкрытымі і дружалюбнымі. На скрыжаваннні геапалітычных платформаў мы маем намер захаваць сваю міратворчую місію».

«Беспрэцэдэнтны знешні ціск толькі загартаваў нас, зрабіў больш рашучымі і бескампраміснымі ў барацьбе за сваё. Чужога нам не трэба. Калі нам і прадбачацца новыя экзамены, мы гатовыя да іх. Услед за сусветнымі крызісамі абавязкова проходзіць развіццё. Мяркую, што аднаўленне сусветнага грамадскага жыцця будзе імклівым. Таму мы можам разлічваць на скоры росквіт новых эканамічных, лагістычных, тэхналагічных і іншых рашэнняў», — упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да беларусаў: «Ва ўсіх выпрабаваннях мы не страцілі сябе і здольныя самі будаваць тую краіну, якую любім і пра якую марым».

Завяршыў прамову кіраўнік краіны абяцаннем, што зробіць усё, каб народ ніколі не пашкадаваў, што першым Прэзідэнтам Беларусі быў ён.

Пасля цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі беларускія вайскоўцы прынеслі клятву на вернасць народу і Прэзідэнту. Гэта адбылося ва ўнутраным двары Палаца Незалежнасці.

«Мы даем клятву на вернасць Радзіме ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі. Гэта свяшчэнная дата нагадвае нам, што адданасць сваёй Айчыне і гатоўнасць аддаць жыццё за свабоду ў беларусаў у крыві. Сёння за намі Беларусь, і мы зробім усё, каб зберагчы галоўнае — мір на сваёй зямлі, мір, за які заплачана мільёнамі жыццяў самаадданых воінаў, іх маці, бацькоў, жонак і дзяцей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, сёння камусьці вельмі не падабаецца, што ў цэнтры Еўропы ёсць бяспечная краіна, дзе стабільнасць і сацыяльная справядлівасць — не пустыя словы.

«Аглядваючыся назад, ужо можна сказаць, што мы разам з вамі прадухілілі катастрофу, сарвалі чарговы гібрыдны рэвалюцыйны сцэнарый па расхістванні асноў беларускай дзяржаўнасці. Можа быць, хтосьці з нас, людзей у пагонах, сёння не разумее, што адбылося. Але я ўпэўнены, літаральна праз малы прамежак часу ўсе вы, хто стаіць перада мною, зразумееце, што вы выратавалі мір на гэтым кавалку зямлі, адстаялі суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны», — канстатаваў Прэзідэнт.

На яго думку, у народзе спрабавалі распаліць нянавісць і падзяліць краіну, але гэта не атрымалася.

«У гэтых складаных умовах сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі вытрывала і на справе даказала сваю эфектыўнасць, гатоўнасць да адбівання любых рызыкаў, выклікаў і пагроз. Мы яшчэ раз даказалі ўсім, што народ не дарма траціць капейку на наша ўтрыманне, што мы не дарма елі беларускі хлеб», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў вайскоўцам, што давер народа — гэта гонар і апраўдаць яго — сэнс іх жыццяў.

Пасля прамовы міністр абароны Віктар Хрэнін ад імя ўзброеных сіл запэўніў Прэзідэнта і народ, што яны гатовыя заўсёды захоўваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашай краіны: «Сёння, у дзень уступлення на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мы ўрачыста клянёмся з годнасцю і гонарам несці высокае званне абаронца Айчыны, самааддана служыць беларускаму народу і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, абараняць сваю Радзіму, мужна, умела, не шкадуючы сваіх сіл і сваіх жыццяў. Клянёмся!»

У адказ прагучала трохразовае «Клянёмся!» ад вайскоўцаў, пасля чаго аркестр выканаў Дзяржаўны гімн.

 

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.