Пасамых сціплых падліках, і аб гэтым сведчаць спецыялісты райсельгасхарчу, сёлета раён будзе мець валавы намалот зерневых і зернебабовых больш за 30 тысяч тон. Што амаль у два разы перавышае вынікі года мінулага. Пагадзіцеся, праца рупліўцаў гэтай адной з самых цяжкіх галінаў гаспадаркі дае свае плады. Ад таго яшчэ лепш становіцца зразумелым, чаму людзям працай слаўным такія ўвага і пашана з боку кіраўніцтва раёна, грамадскіх аб’яднанняў. Усё гэта было і ў мінулую сераду, калі першы намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Галянкоў разам са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Святланай Дзенісенка і Галінай Купрыянцевай, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, завіталі на палеткі двух гаспадарак.

Аўтар гэтых радкоў раздзяліў з вышэйназванамі асобамі радасць і гонар моманту.

ААТ “Прывольны” неаднаразова станавіўся  аб’ектам увагі ўрачыстых ганаровых дэлегацый. Яно і зразумела: народ тут жыве працавіты, гасцінны, а калі пра работу іхнюю размову весці, то акрамя станоўчых і па-добраму пафасных эпітэтаў не абыйсціся. Аляксандр Шусцікаў і ягоны цёзка Аляксандр Кухараў у гэты раз прымалі сваю долю ўдзячнасці і віншаванняў.

Абодва гэтыя механізатары ў жніве бягучага года здолелі перайсці псіхалагічную насамрэч мяжу ў 1000 тон зерня. Менавіта рукамі і, будзем казаць праўду, мазгамі гэтых людзей складваецца дабрабыт гаспадаркі, раёна, наш з вамі дабрабыт. Аб гэтым казалі ў сваіх віншавальных зваротах госці хлебаробаў. А як водзіцца, добры госць ведае, калі трэба пайсці і не перашкаджаць гаспадарам рабіць сваю справу, мы не зацягвалі і пасля аператыўнага абмену інфармацыяй накіраваліся ў ААТ “Заранскі”. Дзе, тут нічога не зробіш, нас чакалі героі не аднаго бадай выпуска раёнкі, людзі, якія амаль штогод займаюць першыя месцы на жніве, – Аляксандр Караткоў і Генадзь Сувораў. Першы на сваім МАЗе адвёз ад камбайнаў 3 тысячы тон збожжа, ягоны калега здолеў сабраць з палеткаў 2 тысячы. Лічбы ўнушальныя, улічваючы, што гэта за праца такая – хлеб збіраць.

Кантакт з рупліўцамі і тут не быў занадта працяглым, і яны працягнулі займацца сваімі справамі.

Узнагароды ад раённага кіраўніцтва, падарункі ад райкама прафсаюзаў, перакананы, зрабілі настрой хлебаробаў на той дзень. А гэта значыць, што і да працы сваёй, яе выніковасці, работнікі будуць ставіцца з максімальнай самаадданасцю. Як, у прынцыпе, і ёсць на самой справе.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться