НА МЕСЦЫ ВОІНСКАЙ СЛАВЫ!

Менавіта такім з’яўляецца цяперашні аграгарадок Лясная і месцам, дзе ў мінулую нядзелю праходзіла ўрачыстае мерапрыемства. 312 гадоў прайшло з той самай вядомай баталіі войскаў Пятра Першага са шведамі. І гэтая падзея, якая паўплывала на ход сусветнай гісторыі, назаўжды застанецца ў летапісах і памяці, як “Маці Палтаўскай перамогі”. Таму і значнасць яе, мяркую, перавялічыць немагчыма.

Распачалося дзейства з легкаатлетычнага прабега па тэрыторыі аграгарадка вучнямі школ раёна.

Ускладалі кветкі да помнікаў загінуўшым падчас і Паўночнай, і Вялікай Айчыннай войнаў ягоныя ўдзельнікі. А начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Наталля Голік разам з вядучымі нагадалі падзеі і людзей, якія абаранялі сваю малую радзіму ад захопнікаў.



У зале мясцовага Дома культуры прайшоў потым “круглы стол” на тэму “Бітва каля Лясной”. На ім усе прысутныя яшчэ раз прайшлі шляхамі вайны, пачулі, як гераізм і патрыятызм дазволілі зберагчы сваю зямлю ад ворага. Пасля богаслужэння прайшоў хрэсны ход. Каля помніка “Арол” прайшоў мітынг, дзе і раённая ўлада, і госці мерапрыемства мелі магчымасць выказаць свае думкі наконт падзеі, якая сабрала ўсіх тут.

Айцец Афанасій шчыра вітаў усіх гасцей Лясной. Ён адзначыў, што сёння, калі ў свеце такі дэфіцыт на шчырасць, дабро, чалавечнасць, самы час звярнуцца да Бога, да сваёй душы і стаць крыху дабразычлівей, палюбіць адзін аднаго. Ён выказаў удзячнасць і старшыні райвыканкама Сяргею Міхалюце і ягоным намеснікам, памочнікам за дапамогу і ўвагу, якія на пастаяннай аснове адчуваюцца тут.



У сваю чаргу Сяргей Валерьевіч падзякаваў айца Афанасія за тую вялікую справу, што рабілася і працягваецца па ўвекавечванні памяці падзей Паўночнай вайны, помніка-храма як адной з галоўных святынь Слаўгарадчыны. Прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі таксама бралі ўдзел у мерапрыемстве і з вялікай удзячнасцю казалі, што на гэтым слаўным месцы не толькі для Расіі беларусы і сёння дэманструюць сапраўдную братэрскую ўзаемападтрымку, робяць так шмат, каб захаваць гісторыю. Кветкі і малебен каля памятнага знака далі магчымасць усім, хто завітаў на свята, яшчэ раз пераасэнсаваць для сябе тыя падзеі, зрабіць высновы.

Разам госці і ўдзельнікі свята пасадзілі невялікі сад, які сімвалізаваў доўгае сяброўства і мір паміж народамі Беларусі і Расіі.



Далей глядачам была прапанавана выстава “Духоўная спадчына роднай зямлі”, якую прэзентаваў айцец Афанасій. Каля бібліятэкі разгарнулася анімацыйная праграма “Па слядах Паўночнай вайны”. Турыстычная галіна прапанавала ўсім пазнаёміцца са сваімі паслугамі і лепш даведацца пра свой край. Гандлёвыя кропкі прапанавалі вырабы сыравараў, рамеснікаў.

Заключным этапам стала акцыя “Лясная – месца воінскай славы”. На ёй гучалі песні, захаплялі дух танцы, узнімалі настрой і ўзнагароджванні заслужаных людзей.

Напрыканцы мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова выказала ад раённай улады вялікую ўдзячнасць усім, хто прыняў удзел у свяце, арганізаваў яго.

А, прызнаюся, для таго, каб усё прайшло годна, было зроблена немала. Дый і эфект быў ад той работы навідавоку.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.