Чацвёрты год запар, з моманту ўзнікнення конкурсу, прымае ў ім удзел Мікалай БАРЫСЕНКА, вадзіцель смеццявоза УКП “Жылкамгас”. І штогод дэманструе найвышэйшы ўзровень валодання тэхнікай, ведання Правілаў дарожнага руху.

Абласны конкурс сярод вадзіцеляў смеццявозаў, які традыцыйна ладзіцца ў Магілёве, і сёлета сабраў больш за дваццаць кандыдатаў на перамогу, па словах Мікалая, быў самым няпростым. Тут трэба ведаць дасканала ўстройства тэхнікі, прадэманстраваць навыкі па кіраванню аўтамабілем, выконваючы вельмі няпростыя элементы. Да таго ж, нікуды без гэтага, трэба было і са смеццевым кантэйнерам па-майстэрску распараджацца. На кожным этапе наш зямляк быў на галаву вышэй за канкурэнтаў, што і вылілася ў першае месца.

“Цяжкасць я бачыў адну толькі: трэба было кіраваць не сваім аўтамабілем. Вадзіцелі зразумеюць мяне, што кожная аўтаадзінка – гэта асобны, так бы мовіць, арганізм са сваім характарам. Але ўсё для мяне прайшло трапна, удалося неблага выступіць,” – сціпла выказваецца Мікалай.

У кастрычніку 2004 года ён прыйшоў працаваць у “Жылкамгас” і з боку кіраўніцтва прадпрыемства мае толькі станоўчыя водгукі.

“Ён прафесіянал. Узяць хоць бы той факт, што ў першым конкурсе стаў трэцім, потым два гады запар быў у “срэбры” і сёлета ўзяў “гран-пры”, – рэзюміруе кіраўнік прадпрыемства Пётр Грамыка.

Віншуем і Мікалая Барысенку, і ягоных калег з перамогай!

Уладзімір ВАСІЛЬЕЎ.

Фота аўтара.

Поделиться