Сяргей Жылік — пераможца рэспубліканскага конкурсу «Чалавек года ў сферы культуры» ў намінацыі «Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны», уладальнік звання «Чалавек года Гродзеншчыны».
 
Гісторыю Сяргей Жылік палюбіў яшчэ ў дзяцінстве: даследаваў, аналізаваў, параўноўваў. Профільную базавую адукацыю атрымаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, аднак вучыцца не скончыў. Вялікую ролю ў жыцці чалавека, лічыць ён,

адыгрывае самаразвіццё. Калі ёсць жаданне і цікавасць, то няма ніякіх перашкод — ні ў асваенні новых відаў дзейнасці, ні ў рэалізацыі праектаў. А іх на рахунку метадыста па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргея Жыліка дастаткова.

У творчым тандэме з калегамі ён удзельнічаў у напісанні і ажыццяўленні праекта па папулярызацыі Дугі Струвэ, Нявесцінага каменя, атрыманні міні-гранта ў межах праекта «Два бакі — адна гісторыя і культура», рэалізацыі мясцовых ініцыятыў.

— Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы за апошнія гады многае зроблена ў вобласці захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Узяць хаця б наш рэгіён, Гродзеншчыну. Яго візітоўкай, несумненна, з’яўляюцца Стары замак у Гродне, Лідскі, Крэўскі і Гальшанскі замкі, сядзібныя комплексы, — адзначае Сяргей Жылік. — На Ашмяншчыне сталі больш прывабнымі і даступнымі для турыстаў Нявесцін камень, гальшанскае гарадзішча, у выніку дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва набылі сучасны выгляд магілы Францішка Багушэвіча, Енджэя Снядэцкага. Важнае значэнне мае таксама добраўпарадкаванне брацкай магілы ў гарадскім парку і іншых формаў увекавечання герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Асабіста для мяне самым значным аб’ектам з’яўляецца Гальшанскі замак — маштабны, адказны і знакавы для рэгіёна. Рэстаўрацыйныя работы на ім сталі магчымымі дзякуючы Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” на 2016-2020 гады і фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва, які фінансаваў работы на замку на працягу трох год. Ёсць надзея, што з яго падтрымкай удасца правесці супрацьаварыйныя і кансервацыйныя работы на паўночна-заходнім корпусе і аднавіць так званы ўнутраны двор, які прылягае да паўночнай вежы.

Радасна на душы ад таго, што першых наведвальнікаў ужо прымае і візіт-цэнтр, пабудаваны ля замка. Сустракаць турыстаў у камфортных умовах мы змаглі дзякуючы мясцоваму кіраўніцтву і фінансавай падтрымцы, якую атрымалі з раённага бюджэта на ўзвядзенне візіт-цэнтра.

Зрэшты, рэстаўрацыя Гальшанскага замка, добраўпарадкаванне тэрыторыі, клопат пра турыстаў — гэта каласальная праца вялікай колькасці людзей: даследчыкаў, краязнаўцаў,  будаўнікоў, якія вядуць работы, арганізацый, што ажыццяўляюць тэхнічны нагляд, — падсумаваў Сяргей Аляксандравіч. — Гэтак сама, талакой, прынята працаваць непасрэдна ў сферы культуры, дзе толькі агульнымі намаганнямі можна дасягнуць мэты. Сваю ролю добра ведаюць раённы цэнтр культуры і клубныя ўстановы, бібліятэкі, музей, дзіцячыя школы мастацтваў.

Пасля ўнутранага аздаблення паўночнай вежы ў ёй будзе праведзена музеефікацыя, асобныя экспанаты — археалагічныя знаходкі, бюсты Соф’і Гальшанскай і Паўла Стэфана Сапегі ўжо сабраны і чакаюць свайго часу.

На тэмы культуры, у якую Сяргея Жыліка прывёў празорлівы лёс, метадыст можа размаўляць бясконца, як і пра гісторыка-культурную спадчыну. Яе захаванне, упэўнены Сяргей Аляксандравіч, абраны дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу, застанецца прыярытэтным накірункам дзяржаўнай палітыкі, бо гэта тое, што мы павінны захаваць і перадаць нашым нашчадкам. А яшчэ гісторыка-культурныя аб’екты з’яўляюцца драйверам развіцця турызму, папулярызацыі рэгіёна на розных узроўнях. Менавіта гэтыя пытанні Сяргей Жылік спадзяецца абмеркаваць на запланаваным форуме.

Поделиться