Сяргей МАМОНАЎ з тых, хто па жыцці ідзе з аптымізмам, не схіляе галавы ні перад аніякімі цяжкасцямі. Таму ў абранай ім больш 20 гадоў таму прафесіі і знайшоў сябе. Хаця варыянты і прапановы былі. Але лёс вырашыў, што ён будзе ратаваць людзей ад пажараў, іншых надзвычайных сітуацый. Узяць хоць такі “зігзаг” лёсу: ён на некалькі толькі хвілін з-за транспарту не паспеў на ўступныя экзамены ў Магілёўскую школу міліцыі. Шлях на іспыты яму быў зачынены. Выпадковасць? Не думаю. Такім чынам міліцыя страціла актыўнага спартыўнага жыццялюбівага супрацоўніка. Але вось сістэма міністэрства па надзвычайных сітуацыях, наадварот, набыла такога.

Любоў да фізічнай культуры і спорту ў Сяргея з маленства. Легкаатлетычныя дысцыпліны былі ягоным “каньком”. Але пасля пачатку работы ў РАНС і знаёмства з кіраўніком аддзела Аляксандрам Худалеевым (зараз першы намеснік міністра МНС) адкрыў для сябе і гіравы спорт.

“Аляксандр Фёдаравіч быў, мяркую і застаецца, прыхільнікам спорту. Мы ў той час многія ўладкаваліся на працу ў аддзел абавязкова маючы прагу займацца спортам. Дарэчы, ён і сам прымаў удзел у спаборніцтвах, нараўне з байцамі бегаў са штурмоўкай, гуляў у валейбол і быў адзіным з кіраўнікоў падраздзяленняў, хто гэта рабіў. Таму аўтарытэт меў як сярод абласнога кіраўніцтва, так і ў сваім калектыве. Наш аддзел у той час рэгулярна займаў прызавыя месцы ва ўсіх спаборніцтвах. Сёння знайсці такі запал і азарт, жаданне праслаўляць на спартыўных пляцоўках свой аддзел, раён у моладзі становіцца ўсё цяжэй”, — кажа суразмоўца.

І яму ёсць што ўзгадаць. Больш за два дзесяцігоддзі працуе ў сістэме. Прыйшоў у 2000 годзе пажарным-выратавальнікам. Перад гэтым, як тады водзілася, адслужыўшы тэрміновую службу ў арміі. Стараннага і ініцыятыўнага работніка кіраўніцтва ацаніла і праз два гады ён быў назначаны камандзірам аддзялення на пост у вёсцы Папоўка. А з 2007 увогуле ўзначаліў яго. З 2010 года працаваў на пасту ў Лапацічах. З 2012 годзе і па сённяшні дзень шчыруе ў пажарнай выратавальнай часці №1 камандзірам аддзялення.

Кола абавязкаў Сяргея даволі шырокая. Ён непасрэдна прымае ўдзел  у тушэнні пажараў, іншых надзвычайных сітуацыях. Выратаванне на вадзе –таксама зона адказнасці героя гэтага артыкула.

Як вышэй прагучала, ён да спорту ставіцца вельмі з павагай. Асабліва камфортна яму на лыжні, валейбольнай пляцоўцы, на вадзе. У мастацкай самадзейнасці  Сяргей Мамонаў таксама ў ліку актывістаў. Неаднойчы калектыў мастацкай самадзейнасці нашых пажарных-выратавальнікаў займаў лідзіруючыя месцы на абласным і нават рэспубліканскім узроўнях.

Але не толькі работай жыве мой суразмоўца. Дом – ягоная крэпасць. Там яго чакаюць жонка Таццяна, сын Кірыл і дачка Ксенія. Апошняя ўжо вучыцца ў Магілеве, атрымлівае прафесію. Кірыл – школьнік. А разам Мамонавы – моцная і дружная сям’я. Ведаю, бо мы суседзі і бачым, як яны разам і ў лес, і на рэчку. І калі справа прадстаіць вялікая, яны таксама разам за яе бяруцца. І сваім аптымізмам, актыўнай, непаказушнай жыццёвай пазіцыяй многім з’яўляюцца прыкладам.

З нагоды прафесійнага свята – Дня пажарнай службы – мы віншуем і Сяргея, і ўвесь асабісты састаў нашага райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Няхай, вашай мовай кажучы, рукавы заўсёды будуць сухімі.

Поделиться

От Уладзімір РЫЖАНКОЎ

Фото аўтара

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *