Сёння, калі мы праходзім не самы просты этап, не кожны кіраўнік здольны смела заявіць пра поспех свайго калектыву, упэўнена глядзець у будучае, тым больш будаваць аптымістычныя прагнозы. Але ў нашым выпадку так і было. І менавіта будаўнікі раёна, прадстаўленыя на Слаўгарадчыне ў асноўным ПМК-274, усё грунтоўней адчуваюць сябе на нагах. І гэта не папулізм перадсвяточны, не “стрэл у неба”, а вынік аналітычнай работы, праведзенай на прадпрыемстве, прынятых колісь кадравых рашэнняў, перагляду арганізацыі працоўнага працэса. Пра ўсё гэта давялося даведацца ўчора падчас урачыстасці з нагоды Дня будаўніка, які ў нашай краіне будзе адзначацца 8 жніўня.

З самай раніцы павіншаваць будаўнікоў завіталі: кіраўнік раёна Сяргей Міхалюта, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Дзенісенка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Купрыянцава, выконваючая абавязкі старшыні райкама прафсаюзаў АПК Людміла Гарцуева і аўтар гэтых радкоў.

Адзначу, што бываць на прадпрыемстве мне даводзілася неаднаразова. Але той, такбы мовіць, настрой, атмасфера, якія зараз пануюць тут, уражваюць. Адсутнасць традацыйнага скепсісу і песімізму, наяўнасць агня ў вачах і прага працаваць сталі лічы ідэяй прадпрыемства, ягоным дэвізам.

Малады, але па ўсяму адчуваецца перспектыўны кіраўнік прадпрыемства вітаў аўдыторыю, гасцей. Ён у кароткай форме агучыў з чым калектыў перасягнуў паўгоддзе, што плануе рабіць у другой палове года, у настыпным 2022 годзе. Пачутае насамрэч уражвае. Узяць хоць бы той факт, што заробкі на прадпрыемстве павялічыліся, аб’екты сталі здавацца сваечасова, аб’ёмы для работ асваіваюцца і па-за межамі раёна. Гэта і многае іншае дазволіла прадпрыемству з апошняга месца ў абласным рэйтынгу падняцца на ягоную трэцюю прыступку. Пагадзіцеся, уражваюць вынікі. Але, як адзначыў Анатоль Мінаў, гэта ўскладае і большую адказнасць. “Мы павінны не столькі супакоіцца, колькі зрабіць тэмпы працы, яе якасць нормай. А час пакажа, на што мы вартыя. Усіх вас са святам і вялікі дзякуй”, — рэзюмаваў дырэктар прадпрыемства. Да таго ж ён выказаў удзячнасць і кіраўніцтву раёна. “Без дапамогі старшыні райвыканкама было б куды цяжэй вырашаць многія пытанні. А некаторыя, паверце, увогуле б не вырашыліся. Таму асабіста Сяргея Валер’евічу ад сябе і калектыва выказваю ўдзячнасць. Гэта наша агульная перамога, мы зрабілі ўсё і будзем далей гэтак працаваць, каб Слаўгарадчына вярнула сабе будаўнічую славу”.

Пацвердзіў словы Анатоля Мікалаевіча і кіраўнік раёна. “Ваш невялікі калектыў здолеў зрабіць аналіз колішніх памылак, перагледзіць захады ў працы. І вось вы ў тройцы топаў вобласці. Жадаю не зніжаць тэмпаў. У вас ёсць кадры, ёсць вопыт, майстэрства. Усё гэта дазваляе смела рушыць уперад, ствараць канкурэнцыю магнатам будаўніцтва. Там, паверце, працуюць такія ж людзі. Чым вы горш? Нічым. Таму зычу вам высокай працавітасці, новых аб’ектаў, годных заробкаў. З боку кіраўніцтва раёна гарантуем вам падтрымку і ўсялякую дапамогу”, — рэзюмаваў Сяргей Міхалюта.

Пасля таго ён уручыў шэрагу работнікаў заслужаныя ўзнагароды. Святлана Дзенісенка таксама павіншавала калектыў, адміністрацыю прадпрыемства са святам і ўручыла ўзнагароды. Людміла Гарцуева і Галіна Купрыянцева таксама выканалі прыемную місію – павіншавалі і ўзнагародзілі будаўнікоў.

Поделиться

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *