ЗАДАВАЛЬНЕННЕ АТРЫМАЛІ ЎСЕ!

 


Як адпачыць у выхадны дзень – кожны выбірае сам. Нехта аддае перавагу марнаванню часу ля блакітнага экрана, а іншыя, наадварот, праводзяць яго актыўна і з карысцю.

Пракаціцца на лыжах, адчуць дух спаборніцтва і атрымаць магутны зарад бадзёрасці – менавіта такім чынам вырашылі правесці мінулую нядзелю аматары лыжных гонак. Для сваіх членаў раённая арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі сумесна з аддзелам па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама правялі спартыўнае свята “Зімовыя баталіі – 2019”. Дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства аказалі цэнтр фізкультурна-масавай і спартыўнай работы разам з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай.

Лыжная траса праходзіла каля вёскі Міхайлоў. У той дзень пятнаццаць устаноў сістэмы адукацыі раёна прадставілі свае каманды. Адзначу, што ўдзельнікам спартыўна-масавага мерапрыемства трэба было не толькі стаць на лыжы, але і пазмагацца за званне трапнага стралка з пнеўматычнай вінтоўкі, у дартсе.

Удзельнікаў спартыўнага свята і балельшчыкаў прывіталі начальнік аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Аўчыннікаў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Салдаценка. Яны пажадалі добрых стартаў, удачы і перамогі мацнейшым. Пачаліся спаборніцтвы лыжнай эстафетай на дыстанцыю чатыры кіламетры, у якой прымалі ўдзел па чатыры чалавекі ад каманды: мужчыны і жанчыны да і пасля 40 гадоў. На старт выйшлі таксама і некаторыя кіраўнікі ўстаноў. Актыўна падтрымлівалі ўдзельнікаў спаборніцтваў балельшчыкі. Журы ўважліва сачыла за ходам баталій. З рознымі вынікамі трасу адолелі ўсе.

На ўрачыстым пастраенні каманд лідар прафсаюза работнікў сістэмы адукацыі шчыра падзякавала каманды за ўдзел і правяла працэдуру ўзнагароджання. У лыжных гонках перамагла каманда ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Слаўгарада”, другая гарадская школа ўзяла “срэбра”, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа была трэцяй. Дарэчы, каманда ДЮСШ лепш іншых страляла з пнеўмавінтоўкі і, як вынік, заваявала першае месца ў гэтай дысцыпліне. Другую прыступку заняла Лапаціцкая СШ, трэцюю – першая гарадская школа. У дартсе вынікі наступныя: лепшыя кідальнікі ў ДУА “Зімніцкі ВПК  дзіцячы сад-сярэдняя школа”, “срэбраны” прызёр – ДЮСШ, “бронзавы” – ДУА “Яслі-сад №3 г. Слаўгарада”. Пераможцы зімовых баталій атрымалі адпаведныя дыпломы, грашовыя прэміі і салодкія падарункі. Астатнія ўзнагароджаны дыпломамі ўдзельнікаў і салодкасцямі.

Аднак, незалежна ад занятага месца, задавальненне атрымалі ўсе, хто гэты нядзельны дзень правёў актыўна і настраёва.

Тэкст і фота Святланы БЯЛЯЕВАЙ.

Поделиться