НАПЕРАДЗЕ ШМАТ СТВАРАЛЬНЫХ І ВАЖНЫХ СПРАЎ

 

У мінулую сераду ў кінатэатры “Радзіма” адбыўся шосты па ліку пленум раённага камітэта ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі вынікі дзейнасці за мінулы год, планы на  бліжэйшую перспектыву, а таксама мелі магчымасць абмяняцца вопытам. У рабоце пленума прынялі ўдзел сакратары пярвічак устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна, ідэалагічны актыў. У склад прэзідыума ўвайшлі: намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Купрыянцава, намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталля Лукашова, а таксама старшыні грамадскіх арганізацый – раённага савета ветэранаў вайны і працы Анатоль Мартынаў і Чырвонага Крыжа Марыя Даніленка.

Перш чым пачаць сваё выступленне, першы сакратар райкама Вікторыя Гарадзецкая прапанавала ўвазе ўдзельнікаў пленума відэапрэзентацыю, якая адлюстроўвала ўсе напрамкі дзейнасці арганізацыі, акцыі і мерапрыемствы, якія прайшлі ў раёне. Пасля чаго перайшла да галоўнага пытання – справаздачы аб выніках работы за 2018 год, мэтах і задачах на год бягучы.

Выступоўца адзначыла: моладзь раёна актыўна ўдзельнічала ў разнастайных конкурсах, мерапрыемствах. Падчас правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў у пярвічных арганізацыях былі праведзены сходы з удзелам маладых дэпутатаў, адбыліся выступленні інфармацыйнай групы, правялі маладзёжны лікбез па пытаннях выбарчага права. У дзень выбараў на ўчастках для галасавання вялі работу назіральнікаў члены БРСМ, моладзь увайшла і ў склад участковых выбарчых камісій.

Вікторыя Уладзіміраўна таксама дэталёва ахарактарызавала і такія накірункі дзейнасці, як духоўна-маральнае і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, арганізацыя працоўнай занятасці, прафілактыка правапарушэнняў, здаровы лад жыцця і іншыя. Як вынікала са справаздачы, мінулым летам 43 «бээрсээмаўцы» працавалі на аб’ектах ПМК-274. Штогод ладзяцца конкурсы на лепшую прафілактычную работу. І другі год запар першае месца ў іх займае слаўгарадскі райкам.

Асобны акцэнт у сваім выступленні Вікторыя Гарадзецкая зрабіла на прафілактыку негатыўных з’яў у маладзёжным асяродку і патрыятычнае выхаванне. Агучыла, што стартуе раённы праект “Жывая гісторыя Слаўгарадчыны”, які накіраваны на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення праз уцягненне ў сацыяльна-значную дзейнасць. У выніку плануецца стварыць інавацыйную інтэрнэт-пляцоўку, якая будзе дапамагаць прылучаць моладзь да базавых нацыянальных каштоўнасцяў нашай малой радзімы.

Сярод задач на 2019 год выступоўца агучыла наступныя: уключыцца ў праект “Маладзёжны білет” і на працягу першага паўгоддзя ўручыць білеты новага ўзору, прайсці рэгістрацыю пярвічных арганізацый, узмацніць работу з вясковай моладдзю, прыняць удзел у правядзенні перапісу насельніцтва, надаць інфармацыйнай рабоце новы імпульс за кошт пашырэння маладзёжнай аўдыторыі на прасторах сацыяльных сетак, развіваць міжнароднае супрацоўніцтва, працягваць падтрымліваць таленавітую моладзь і ўдасканальваць рух атрадаў аховы правапарадку, развіваць валанцёрства, а таксама нарэшце адкрыць папа-залу, дзе бацькі змогуць у вольны час займацца спортам разам са сваімі дзецьмі.

Аб тым, як узаемадзейнічае Маладзёжны савет раённага аб’яднання прафсаюзаў з райкамам “БРСМ”, расказала старшыня гэтага савета Алена Салдаценка. Камандзір валанцёрскага атрада “Новае пакаленне” СШ №2 добраахвотніцкага руху БРСМ “Добрае сэрца” Юлія Валчкова падзялілася дасягненнямі атрада, адзначыўшы, што для кожнага з іх галоўнае – прыносіць карысць як грамадству, так і канкрэтнаму чалавеку. Вікторыя Гарадзецкая перадала Юліі асабістыя кніжкі валанцёраў для членаў атрада.

Сакратар пярвічкі УКП “Жылкамгас” Аксана Ціханава падзялілася, як арганізавана ў іх калектыве работа з моладдзю.

Потым слова ўзяла намеснік старшыні райвыканкама. Алена Міхайлаўна адзначыла, што сапраўды маладзёжным саюзам праведзена вялікая работа, аднак разам з тым па некаторых накірунках трэба актывізаваць работу, у тым ліку наладзіць больш цеснае і плённае супрацоўніцтва з расійскімі гарадамі-пабрацімамі. Разам са старшынёй раённай грамадскай арганізацыі Чырвонага Крыжа Марыяй Даніленка Алена Шаўцова ўручылі падарунак Вікторыі Гарадзецкай за супрацоўніцтва. Алена Міхайлаўна, падводзячы вынікі, пажадала прыстуным аптымізму, поспехаў, быць заўсёды ў гушчы падзей і не баяцца праяўляць ініцыятыву. У сваю чаргу Галіна Купрыянцава таксама выказала пажаданне, каб моладзь актыўней удзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах, якія для іх праводзяцца, і самі не заставаліся ў баку, а прапанавалі свае ідэі і бачанні. Пасля быў зацверджаны план асноўных мерапрыемстваў на 2019 год.

У выніку работа райкама ў годзе мінулым была прызнана здавальняючай. А гэта значыць, што наперадзе яшчэ больш стваральных, цікавых і важных спраў.

Тэкст і фота

Святланы БЯЛЯЕВАЙ.

Поделиться