Слаўгарадчына заклікала вясну

 

22 сакавіка адзначалася свята Соракі. У народзе лічыцца, што з гэтага дня пачынаецца вясна. Менавіта да гэтага дня вяртаюцца пасля зімоўкі з цёплых краін 40 відаў пералётных птушак, у тым ліку жаўрукі. Да гэтай птушкі з даўніх часоў людзі ставяцца з вялікай павагай. У яе гонар жанчыны пяклі спецыяльныя жытнія або аўсяныя булачкі ў выглядзе птушак, пакрывалі іх мёдам, упрыгожвалі макам, разынкамі. Гэтай выпечкай у свята гаспадыні частавалі дзятву. І дзеці, і дарослыя спявалі ў гэтае свята абрадавыя песні, заклікаючы цяпло, вясну, сонца. З гэткім пасылам у мінулую пятніцу праходзілі сустрэчы членаў інфармацыйна-сацыяльнага “цягніка” “Забота” з жыхарамі аддаленых і маланаселеных пунктаў: Міхайлова, Чачораўкі і Кабінай Гары.

Завіталі да вяскоўцаў старшыня Кабінагорскага сельвыканкама Вадзім Сівухін, работнік РАНС Аляксандр Аўдзеенка і загадчыца Ржаўскага ФАПа Валянціна Кухарава. Размова вялася ў ключы тэм дня інфармавання насельніцтва, які адбыўся напярэдадні ў раёне. Былі жадаючыя змерыць артэрыальны ціск і набыць лекі, атрымаць кансультацыю медыка.

Завяршыліся сустрэчы канцэртнай праграмай, прысвечанай году малой радзімы і абрадаваму святу, з якой выступілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці РЦК і НТ і Свенскага СДК.

Тэкст і фота Святланы БЯЛЯЕВАЙ.

Поделиться