Вітаю цябе, наш пастаянны і выпадковы чытач, падпісчык. Прыйшоў час зноў нам сустрэцца і пагутарыць. Спачатку хачу шчыра павіншаваць нашых падпісчыкаў, пазаштатных аўтараў, калег, сяброў з Днём друку. Заўтра нашай раёнцы споўніцца 87 год. Разам са сваім чытачом яна крочыць амаль дзевяць дзесяцігоддзяў. Шмат чаго давялося перажыць за гэты перыяд нашаму краю, Беларусі, народу. Мы перамаглі фашызм, аддаўшы за свабоду вельмі вялікую цану. Здолелі аднавіць гаспадарку ў пасляваенныя гады. Больш за два дзесяцігоддзі існуем як самастойная незалежная краіна. Маем сваю Канстытуцыю, якая дае нам гарантыі адчуваць сябе бяспечна ў любой краіне свету.

Радуе, што на кожным гістарычным этапе раёнка адлюстроўвала ўсё, што адбывалася. Праз яе і ты, наш паважаны чытач, быў у курсе падзей, атрымліваючы толькі аб’ектыўную і праўдзівую інфармацыю. Перакананы, што гэтак будзе яшчэ доўгі час.

На жаль, пакуль не ўсё так, як хацелася б. Яшчэ шмат чаго трэба зрабіць, каб вытрымаць усе сусветныя выклікі, эканамічныя абставіны. Мы – краіна міралюбівая. Добрасуседства для нас – не пусты гук. І як неаднаразова заяўляў кіраўнік нашай краіны Аляксандр Лукашэнка, мы маленькі, але горды народ. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва, партнёрства. Але і пра абарону не забываем, робім высновы з гісторыі.

Пагадзіцеся, сёння мірнае неба, спакой — фактары, якія не ў кожнай нават еўрапейскай дзяржаве з’яўляюцца нормай. У нас – так. Ад таго і ў будучае можна глядзець з надзеяй, рабіць планы, будаваць.

Хачу павіншаваць ад сябе асабіста, ад калектыва раёнкі ветэранаў Вялікай Айчыннай, яе ўдзельнікаў, вязняў канцлагераў, дзяцей вайны, кожнага, хто адчуў на прыкладзе сваёй сям’і, што такое вайна. Кожны трэці беларус паклаў сваё жыццё на алтар Вялікай Перамогі. Ад таго нельга недаацэньваць яе кошт.

Няхай справа і гераізм нашых дзедаў і прадзедаў не будуць дарэмнымі. А сучаснікі, нашчадкі добра памятаюць гісторыю Беларусі, подзвіг яе гераічнага народа. Здароўя вам, сілы, духу, аптымізму і актыўнага даўгалецця.

Паважаныя сябры. У хуткім часе мы ізноў прыйдзем да падпісной кампаніі. Выказваю ўдзячнасць кожнаму, хто застаецца з намі, аформіўшы падпіску. Гэта дае нам магчымасць існаваць, рабіць газету для вас багатай інфармацыйна.

Мы, вядомая справа, прадстаўлены і ў сетцы Інтэрнет. І надалей будзем радаваць вас цікавымі фотаздымкамі, відэаролікамі. Але гэта ўсё не манетызавана пакуль. У гэтым накірунку нам яшчэ прадстаіць развівацца. А пакуль аплочваць паслугі пошты, камунальнікаў мы можам толькі з грошай, якія вы аддаеце за падпіску на папяровы варыянт раёнкі.

Дзякуй усім за свядомасць і разуменне. Разам мы зможам зрабіць выданне больш цікавым, насычаным на інфармацыю.

Яшчэ раз са святам. Паважаныя чытачы, запрашаем у наш слаўны горад на ўрачыстасці. Будзе цікава, смачна, весела.

Ваш Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Поделиться