У сярэдзіне вясны красавіцкімі днямі ў раёне нарадзілася 12 немаўлятак. Большасць з іх – гараджане (8), вяскоўцаў – чацвёра. Па палавой прыналежнасці дамінуюць дзяўчаткі – сямёра супраць пяці хлопчыкаў.

Бацькі далі малятам наступныя імёны: Валерыя, Анастасія, Ніка, Марыя, Келлі, Алеся, Аліса; Іван Савелій, Цімур, Аляксей і Данііл.

Вось такія розныя, непаўторныя імёны атрымалі красавіцкія дзеткі. Упэўнена, што яны прынясуць сваім уладальнікам шчасце і поспех. А бацькоў мы шчыра віншуем з нагоды з’яўлення на свет новога жыцця. Няхай вашы маляты растуць здаровымі і дужымі, а ваша бацькоўскае шчасце яшчэ не раз паўторыцца.

Сёння мы з вамі пагаворым пра жаночае імя Алеся. Яго ўладальніца адрозніваецца вясёлым і азартным норавам, мэтанакіраванасцю і аптымістычнасцю.

Многія задаюцца пытаннем, як пішацца гэтае імя. Яно мае дваякае напісанне – Алеся або Олеся. Значэнне ад гэтага не змяняецца. Алеся мае беларускае паходжанне, Олеся ж – папулярнае ўкраінскае імя. Можна назваць дзяўчынку або адным, або іншым варыянтам. Як пішацца – Алеся або Олеся, часцяком вырашаюць бацькі, кіруючыся сваёй нацыянальнай прыналежнасцю або ўплывам грамадскасці.

Імя Алеся па паходжанні з’яўляецца чыста славянскім, па меншай меры, па галоўнай версіі. Магло адбыцца ад імя Лесана або Леся, што азначае «дзяўчына з лесу». Па другой версіі – адбылося ад імя Аляксандра, што трактуецца як «абаронца» і карыстаецца попытам на Заходняй Украіне.

Гутарковыя варыянты: Алесечка, Алесенька, Леся.

Вельмі часта яшчэ ў раннім узросце ў малой прачынаецца музычны дар – дзяўчынка рана пачынае спяваць і танцаваць. Леся любіць чытаць, аддаючы перавагу апавяданням пра падарожжы і казкам. Ад сваіх аднагодкаў дзяўчынка адрозніваецца начытанасцю і дарослымі развагамі, здольнымі паставіць у тупік нават яе настаўнікаў.

Маленькая Леся ў дзяцінстве разумная не па гадах, рана вучыцца чытаць, роўна як і пісаць. Гэта вельмі рухомае дзіця. Яна не адрозніваецца ўседлівасцю – ёй павінны быць цікавы занятак, каб ёй захацелася надаць яму належную ўвагу. У дзяўчынкі ў школе шмат сябровак – яна камунікабельная і прыцягвае да сябе. Важныя рысы характару маленькай Лесі – шчырасць і сумленнасць. Будучы дзіцем, дзяўчынка моцна прывязаная да бацькоў. Ёй жыццёва неабходныя іх ласка, увага і клопат. Яна – адказная дачка, тонка адчувае ўсе праблемы і перажыванні родных ёй людзей.

Што тычыцца маладых, то яны не гублялі дарма часу і афіцыйна аформілі свае адносіны. Чатыры пары стварылі сем’і. Тры ўзялі шлюб у загсе, адна – у сельвыканкаме. Віншуем маладых! Жывіце ў згодзе і каханні, вучыцеся чуць другую палову і ісці на кампрамісы. Разам пераадольвайце цяжкасці. І тады ваш саюз будзе доўгім і шчаслівым. І хутчэйшага вам папаўнення!

На гэты раз не абыдземся без лыжкі дзёгцю: скрушная статыстыка мінулага месяца ідзе на рэкорд – з жыцця пайші 22 землякі супраць 12 нованароджаных. Зарэгістравана 16 смерцяў у аддзеле загс, 6 – у сельвыканкамах. Прыміце нашы спачуванні ўсе, хто паспытаў боль і скруху, страціўшы роднага чалавека.

У цэлым за чатыры мінулыя месяцы нарадзілася 50 малят ( 27 гараджан і 23 вяскоўцы); згулялі 20 вяселляў (на вёсцы – 4, у горадзе – 16); завяршылі свой зямны шлях 69 слаўгарадчан (45 гараджан і 24 вяскоўцы).

Даныя, прадастаўленыя начальнікам аддзела ЗАГС райвыканкама Марынай НІКІЦІНАЙ,

 апрацавала Святлана БЯЛЯЕВА.

Фота Ільі ЖАРТУНА.

Поделиться