На другі дзень Вялікдня вёска Ляцягі стала месцам святочнага мерапрыемства. Артысты аўтаклуба, Бярозаўскага сельскага клуба, удзельнікі вакальнага ансамбля «Крошечки» Новаслабодскага сельскага клуба, майстрыхі раённага Дома рамёстваў арганізавалі для мясцовых жыхароў тэатралізавана-абрадавае свята, прысвечанае Вялікдню.

У пачатку сустрэчы старшыня Гіжэнкаўскага сельвыканкама Мікалай Янкоў павіншаваў ляцягцаў з вялікім хрысціянскім святам і пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях і вясновага настрою.

Вядучай канцэртнай праграмы выступіла загадчыца аўтаклуба Галіна Максімава. Яна разам з маленькімі артыстамі нагадала вяскоўцам беларускія звычаі і традыцыі. Уся тэатралізаваная пастаноўка і канцэртная праграма пераносілі гледачоў у беларускую хату, дзе адбывалася Велікодная сустрэча. На ёй былі і песні, і танцы, і гульні. Вяскоўцы шчырымі апладысментамі і ўсмешкамі дзякавалі артыстаў. Пазітыўныя эмоцыі таксама выклікала выступленне артыстаў з Бярозаўкі, якія выконвалі ролі валачобнікаў. Яны адорвалі гледачоў сваім таленавітым выкананнем народных песень пад музычны акампанемент.

Напрыканцы свята ўсіх прысутных запрасілі пакаштаваць традыцыйныя велікодныя стравы.

Тэкст і фота Аксаны НЯМЦОВАЙ.

Поделиться