Корманарыхтоўка на Слаўгарадчыне ідзе поўным ходам

 

Травы першага ўкосу ўжо  актыўна нарыхтоўваюцца. Нехта робіць запас корму для жывёлы традыцыйна ў сянажныя траншэі, некаторыя спачатку пакуюць у плёнку.

ААТ “Ляснянскі Агра” – адна з гаспадарак, дзе разумеюць цану кожнаму пагоднаму дзяньку. Тым больш, зараз у таварыства з’явіўся новенькі прэс-падборшчык, абмотчык рулонны “Тарнада”.

“З дапамогай гэтай сучаснай тэхнікі, – перакананы Анатоль Камароў, кіраўнік гаспадаркі, – мы плануем касавіцу правесці на самым высокім узроўні. Нажаль, адсутнасць дажджу ў вясну не дазволіла дачакацца годнага травастою. Аднак тое, што вырасла – назапасім абавязкова”.

Кіраўнік раёна Канстанцін Жыгуцкі таксама завітаў на палетак, каб на свае вочы пабачыць, як ідзе касавіца.

“Перад намі стаіць задача з разраду стратэгічных – правесці касавіцу ў аптымальныя тэрміны. Дзякаваць богу, надвор’е сёння дазваляе працаваць увесь светлы час сутак. Але мы ведаем, як сіноптыкі могуць памыляцца, і прыйдзе непрыемны сюрпрыз у выглядзе таго ж граду ці іншага. Сёння ў раёне працуюць два новыя “Тарнады”. Яны давераны лепшым механізатарам, прафесіяналам. Таму на корманарыхтоўку ў нас неблагія прагнозы”.

Яно і зразумела: у працэсе настройкі новай тэхнікі кіраваў ёй сам Анатоль Камароў (на здымку). Разам з механізатарам яны дапрацоўвалі алгарытм работы, планы на дзень.

“Мы плануем назапасіць 5 тысяч тон кармоў. Тысячу ўжо загарнулі ў плёнку,” – адзначае кіраўнік ААТ “Ляснянскі Агра”.

Уладзімір РЫЖАНКОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться