Рэдкія кароткачасовыя дажджы, якія праходзяць на тэрыторыі Слаўгарадчыны, не прыносяць той карысці, якая так зараз патрэбна сельскай гаспадарцы. Спёка, у анамальнасці якой ужо ніхто не сумняваецца, уносіць свае дэструктыўныя карэктывы ў планы аграрыяў раёна, вобласці, краіны. Назапашванне корму жывёле на надыходзячы зімова-стойлавы перыяд становіцца архіскладаным. Травы літаральна гараць пад пякучымі прамянямі сонца. А тое, што збіраецца, не мае неабходнай вільготнасці. Тым не менш, касавіца не спыняецца.

Мы завіталі ў КСУП “Заранскі”, тэхніка якога шчыравала на палетках.

“Гэткага года я не памятаю за апошні час, – кажа кіраўнік гаспадаркі Святлана Караткова. – Касавіца ідзе вельмі складана. Перад намі стаіць задача: мець да пачатку зімова-стойлавага перыяда каля 13 тысяч тон сенажу. Але па сённяшніх рэаліях гэтага дасягнуць будзе вельмі няпроста”.

“Адсутнасць дажджу адбіваецца як на корманарыхтоўцы, так і на пасевах. Зерне не паспявае наліцца і гарыць ад спякоты”, –канстатуе галоўны аграном гаспадаркі Кацярына  Курыленка.

Аднак ніхто склаўшы рукі не чакае ад прыроды літасці, і тэхніка працуе ў полі ўвесь светлавы час. Арганізавана на прадпрыемстве і гарачае харчаванне. Напрыклад, сняданак для работнікаў, занятых на касавіцы, аплачвае гаспадарка. Абед з класічных “першага, другога і кампоту” для работнікаў не каштуе больш за рубель. Бывае і салаты гатуюць. Зараз ёсць і такая практыка, што кожнаму механізатару гаспадарка штодзень набывае па пляшцы ахалоджанага напітку.

Міхаіл Сталявоненка ў гаспадарцы шчыруе ўжо адзінаццаць гадоў. Да гэтага чвэрць веку адпрацаваў на свінакомплексе. Ягоны МАЗ штодзень адвозіць тоны корму да сянажных траншэй. Потым ён будзе задзейнічаны на жніве, іншых грузаперавозках.

Васемнаццаць гадоў заняты на касавіцы Сяргей Сівухін. Ён таксама задзейнічаны на жніве. Ягоны агрэгат збірае тое, што ўдаецца адваяваць у пякучага сонца. “Вельмі складаная касавіца сёлета. Сохне ўсё на корані. Але будзем збіраць кожную травіну: наперадзе  – зіма”, — рэзюмуе механізатар.

Заняты на адвозцы корму і Аляксей Раманькоў. Гэты вопытны механізатар знаходзіцца на добрым рахунку ў кіраўніцтва гаспадаркі.

Што ж, аграрыяў чакае вельмі няпростая касавіца. Хочацца верыць, што прырода зменіць свой засушлівы цыкл на класічны, з цёплымі працяглымі дажджамі. Бо вельмі мы залежым ад сельскай гаспадаркі, яе прадукцыі. І той факт, што такія працавітыя людзі шчыруюць у гэтай галіне эканомікі, дае падставы верыць у іх поспех.

Дай вам бог сіл і бясконцай удачы, а ў сем’ях – толькі дабрабыту і шчасця, людзі, працай слаўныя.

Уладзімір ВАСІЛЬЕЎ.

Фота аўтара.

Поделиться